Карэспандэнтку Onliner.by, журналістаў «Белсату», «Беларусы і рынак», БелаПАНу і фатографа TUT.by пакаралі соднямі


Карэспандэнтку Onliner.by Дар’ю Спевак, якую затрымалі 17 кастрычніка падчас маршу студэнтаў, суд пакараў 13 соднямі арышту.

Журналістку затрымалі 17 кастрычніка, калі яна асвятляла акцыю пратэсту студэнтаў. На яе склалі два пратаколы – паводле арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) і арт. 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі).

Справу Дар’і разглядала суддзя Жывіца. Сведкамі ў дакументах справы былі Сімончык і Кушнер. Першы, паводле пратаколу, затрымліваў Дар’ю.

Максімальныя тэрміны адміністратыўнага арышту, 15 содняў, атрымалі працаўнік газеты «Беларусы і рынак» Арцём Маёраў, фатограф TUT.BY і БелаПАН Вадзім Заміроўскі і журналіст БелаПАН Усевалад Зарубін.

Іх судзілі адразу паводле двух артыкулаў: удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванне. 17 кастрычніка Заміроўскі, Маёраў і Зарубін удзельнічалі у маршы як журналісты, Заміроўскі дакладна меў на сабе камізэльку «Прэса».

17 кастрычніка ў Менску адбыліся дзве акцыі – студэнцкі марш маладосці і ўжо традыцыйны для суботы Жаночы марш. Напярэдадні міліцыянты затрымалі фатографа БелаПАН і парталу Tut.by Вадзіма Заміроўскага, журналістку парталу Onliner Дар’ю Спявак і журналіста БелаПАН і TUT.BY Усевалада Зарубіна. Дар’я Спевак і Вадзім Заміроўскі правялі на Акрэсціна дзве ночы.

Першапачаткова міліцыянты пракаментавалі, што журналістаў затрымалі для праверкі дакументаў. Пазней стала вядома, што супраць іх распачалі адміністрацыйныя справы.

Падчас нядзельнага маршу 18 кастрычніка затрымалі журналіста «Белсату» Алеся Любенчука.

Алесь Любянчук.
Фота: Facebook

Суд Кастрычніцкага раёну пакараў Алеся 15 соднямі арышту быццам бы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. У гэтым месяцы ён ўжо правёў 6 дзён за кратамі. Журналіста затрымалі 24 верасня, на наступны дзень асудзілі да адміністрацыйнага арышту і аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (510 рублёў). 3 кастрычніка Любенчука перавезлі з Менску ў Баранавічы і вызвалілі 6 кастрычніка.

  • За кратамі на Акрэсціна застаецца фрылансерка Алена Доўнар. 23-гадовая журналістка адсіжвае другія 15 содняў. Дзяўчыну затрымалі 26 верасня на «Жаночым маршы». На яе складалі два пратаколы: удзел у акцыі 26 верасня і непадпарадкаванне міліцыі. Суддзя Кастрычніцкага суду сталіцы Аляксандр Рудэнка даў дзяўчыне не толькі содні, але і штраф – 1350 рублёў.
  • 12.10.2020 суд пакараў журналіста Аляксандра Сідарэўскага адміністратыўным арыштам 15 содняў. Наш калега застаецца на волі.
  • Цяпер за кратамі ўтрымліваюць 9 журналістаў. Беларуская асацыяцыя журналістаў ад дня выбараў зафіксавала 292 выпадкі затрымання працаўнікоў незалежных медыяў.
Hавiны
Затрыманні, збіццё, арышты. Як пераследуюць журналістаў «Белсату» пасля выбараў
2020.09.29 15:14

ДР belsat.eu

Стужка навінаў