Карэктная мова. Як гаварыць пра людзей з інваліднасцю?


Ці патрэбныя правілы ды падзел на карэктныя і некарэктныя выразы? Ці не варта лексіцы ісці за узусам? А можа, звыклыя нам тэрміны зрабіліся цэтлікамі ды пашыраюць стэрэатыпы? Парады журналістам і не толькі.

Карэктны матэрыял на тэму інваліднасці спрыяе сацыяльнай далучанасці людзей з інваліднасцю, здольны ўплываць на ўзровень сацыяльнай напружанасці. На постсавецкай прасторы пераход ад медычнае мадэлі інваліднасці да сацыяльнай (бачыць у чалавеку з інваліднасцю перадусім асобу, з усёю разнастайнасцю ейных патрэбаў) яшчэ адбываецца. У нашым грамадстве талерантнасць фактычна толькі фармуецца, таму ісці за узусам бывае небяспечна.

Карэктнымі для асвятлення тэмы інваліднасці можам уважаць тэрміны, замацаваныя Канвенцыяй ААН аб правах людзей з інваліднасцю, але не ў афіцыйным перакладзе на расейскую мову, бо Камітэт правоў людзей з інваліднасцю ААН лічыць яго няправільным: «Камітэт адзначае, што афіцыйны пераклад тэрміну «інваліды» на расейскую мову як «інваліды» не адлюстроўвае мадэлі правоў чалавека».

Тэрмін «інвалід» застаецца юрыдычна карэктным у сучаснай заканадаўчай практыцы Беларусі і Расеі, ва Украіне ж яго забаранілі. Афіцыйныя тэксты дакументаў мяняць цяжка. Але кожны з нас, выкарыстоўваючы карэктную лексіку, спрыяе яе распаўсюду.

На першае месца стаўце чалавека

Паколькі мы глядзім на асобу, а не на інваліднасць, то найлепш гаварыць і пісаць «чалавек з інваліднасцю», не «чалавек з абмежаванымі магчымасцямі», бо магчымасці кожнага нечым абмежаваныя. Ужывайце словы і паняткі, якія не ствараюць стэрэатыпаў. Для карэктнага асвятлення тэмы варта ўнікаць абагульненняў і прыпушчэнняў. Не саромцеся пытаць, як правільна звяртацца да асобаў, з якімі вы дачыняецеся. Калі не ўпэўненыя ў выбары лексікі, ужывайце саманазвы герояў вашых сюжэтаў.

Бальшыня людзей з інваліднасцю выкарыстоўваюць звычайныя словы ў апісанні штодзённага жыцця. Карыстальнікі вазкоў шпацыруюць, слабавідушчыя радыя або не радыя вас бачыць. Развітацца словамі «пабачымся» і «пачуемся» можна з кожным.

НЕ СТВАРАЕ СТЭРЭАТЫПАЎ

СТВАРАЕ СТЭРЭАТЫПЫ

чалавек з інваліднасцю,

як афіцыйны тэрмін інвалід дапускаецца ў законах і нарматывах

чалавек з абмежаванымі магчымасцямі

хворы, калека, скалечаны, пакалечаны, з дэфектам здароўя…

чалавек з траўмаю (хрыбта, нагі…)

чалавек без інваліднасці

нармальны, здаровы

чалавек на вазку, які карыстаецца вазком, які перамяшчаецца на вазку, карыстальнік вазка

паралізаваны, паралітык, прыкуты да вазка, аднаногі, бязногі

вазочнік можа выкарыстоўвацца ў камунікацыі, у журналісцкіх матэрыялах лепш не ўжываць

інваліднасць

дэфект, калецтва, няшчасце

мае пэўны дыягназ, чалавек з пэўным дыягназам

хварэе, пакутуе, ахвяра

чалавек з сіндромам Даўна, чалавек з эпілепсіяй, чалавек з аўтызмам (афіц. тэрмін – чалавек з разладам аўтыстычнага спектру)

формы, утвораныя ад дыягназу (даўн, эпілептык, аўтыст…), грубыя прастамоўныя выразы (прыпадачны, дэцэпэшнік, шызік…)

чалавек, які перанёс пэўную хваробу, мае інваліднасць у выніку пэўнай хваробы

пакутуе на пэўную хваробу або яе наступствы, ахвяра пэўнай хваробы

чалавек з ментальнай інваліднасцю, з асаблівасцямі (ментальнага) развіцця

адсталы, разумова непаўнавартасны, з затрымкай / адставаннем у развіцці, прыдуркаваты

дзеці з інваліднасцю

дзеці-інваліды

школьнікі з адмысловымі адукацыйнымі патрэбамі

школьнікі-інваліды

чалавек з асаблівасцямі псіхічнага / душэўнага / эмацыйнага развіцця

псіх, вар’ят, ненармальны, псіхічнахворы, чалавек з псіхічным / эмацыйным разладам, чалавек з псіхіятрычнымі праблемамі

невідушчы, слабавідушчы

сляпы, падслепаваты, з парушэннямі зроку

чалавек, які не чуе; чалавек са слабым слыхам; чалавек, які карыстаецца жэставаю моваю

глухі, з парушэннямі слыху, глуханямы

чалавек нізкага росту, невысокі чалавек

карлік, гном, ліліпут

жэставая мова (як беларуская і любая іншая)

мова жэстаў (спосаб камунікацыі для замежніка, які не валодае мясцоваю моваю)

перакладчык жэставай мовы

афіц. тэрмін сурдаперакладчык

Не варта думаць, што людзі з інваліднасцю патрабуюць асаблівага стаўлення да сябе. Прыведзеныя вышэй рэкамендацыі маюць дарадчы характар і могуць дапамагчы пазбегнуць няёмкасці пры асвятленні адпаведнай тэмы.

Артыкул падрыхтавала паводле матэрыялу «Талерантная журналістыка: дапаможнік для журналістаў» і інтэрнэт-крыніцы http://perspektiva-inva.ru/language-etiquette/

Настасся Кахан belsat.eu

Стужка навінаў