Кардыёлаг Вадзім Цапаеў: Дактары загружаныя не гэтак хворымі, як пісарскай працай аб іх


Чаму ў нашых паліклініках такія чэргі, хоць статыстыкі цвердзяць, што Беларусь – на першым месцы паводле колькасці лекараў на душу насельніцтва? Ды ўсё проста: мы любім лячыцца! Але ж як вылечыць іпахондрыка? Што спачатку – чарка ці скварка? Чаму Плутарх не любіў мяса? У праграме «Зоры не спяць» – кардыёлаг прафесар Вадзім Цапаеў.

«Самае цікавае, што ў медычных навучальных установах не вучаць медычнай этыцы. Ёсць толькі прадмет этыка, які вывучае яе ў гісторыка-тэарэтычным плане. Но пры гэтым, маючы дачыненні са старэйшымі калегамі, студэнты пераймаюць стаўленне да лекара, калегаў, да пацыента – гэта такая незафіксаваная гістарычная памяць, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Так жыве клятва Гіпакрата».

Пра іпахондрыю

«Іпахондрык – гэта чалавек, які прыдумляе сабе хваробы. Але гэта не значыць, што ён не пакутуе. Такія людзі часта ходзяць да лекара, збіраючы меркаванні і вышукваючы тое, якое будзе адпавядаць іхнаму – каб мець аднадумца. Такія людзі патрабуюць спецыфічнага лячэння, якога часта не атрымліваюць».

Пра чэргі

«Лекары загружаныя не так хворымі, як пісарскай працай аб іх. Калі я вучыўся ў інстытуце (а гэта было вельмі даўно), я купіў кнігу па псіхатэрапеўтыі венгерскага аўтара, і там, мне запомнілася, быў здымак кабінета доктара: доктар, сястра, якая рабіла маніпуляцыі, і рэгістратар. У венграў гэта было ўжо тады. Што ж да наведвальнасці… Гэта праўда, па колькасці візітаў да лекара і па колькасці лекараў на пэўную колькасць людзей Беларусь займае першае месца ў свеце. Каму як. Вось аргентынцы любяць прымаць лекі, яны на першым месцы. Патлумачыць гэта немагчыма».

Пра інтэрнэт і самалячэнне

«Ёсць такі выраз, што каб знайсці адказ на сваё пытанне, трэба ведаць 50% гэтага адказу, каб задаць правільнае пытанне. Ёсць форумы пацыентаў, якія дзеляцца досведам, ёсць форумы дактароў. Інтэрнэт – гэта свабодная інфармацыя, там трэба знайсці чалавека, якому ты верыш – так сама, як і не ў інтэрнэце. Ёсць доктар, якому пацыент верыць, а ёсць – якому ня верыць. Інтэрнэт не вырашае праблемы ні ў той, ні ў другі бок, але пашырае інфармацыйныя магчымасці».

У размове яшчэ – пра чарку і скварку, пра душу і пра шчасце шчаслівага.

Стужка навінаў