«Караткевіч як добры каньяк...» Рэпартаж з «нефарматнага і вінтажнага» канцэрту Вайцюшкевіча ў гонар паэта


Зміцер Вайцюшкевіч разам з «WZ-Orkiestra» зладзіў канцэрт у гонар Дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Праграма была падрыхтаваная яшчэ 20 гадоў таму, да 70-годдзя паэта, але 26 лістапада ў Палацы культуры МАЗу прагучала і прэм’ера песні на верш Караткевіча «Ты і я».

Фота: Belsat.eu

«Караткевіч – такая глыба, ад якой немагчыма збегчы. Цікавыя вершы: яны вельмі вобразныя, яны кранальныя. Асабліва мне блізкі яго настрой у любоўнай лірыцы і канфліктныя вершы, дзе распавядаецца цэлая драматургія. Першае, што чытаў – «Ладдзя роспачы». Мне спадабаўся гэты канфлікт са смерцю, з лёсам. Караткевіч, як добры каньяк, які з гадамі толькі набірае моц. Ён дагэтуль прываблівае новых чытачоў. Я вельмі шкадую, што не застаў яго. Але мне пашанцавала: Бураўкін, Барадулін, Някляеў пра яго вельмі шмат апавядалі», – падзяліўся з намі Зміцер Вайцюшкевіч.

Фота: Belsat.eu

 

Неспадзяванкай стаў выступ Уладзіміра Някляева, які прачытаў свой верш «Хадок», прысвечаны Уладзіміру Караткевічу, ды распавёў гісторыю пра паэта:

– Гэта было на Дні нараджэння ў Рыгора Барадуліна. Кампанія была мужчынская, але жонку Рыгора Валю нікуды «сплавіць» не ўдалося. Караткевіч устае і кажа: «Грыша, ты геніяльны паэт, але трошкі лянотны. Ты помніш Забалоцкага верш? «Не позволяй душе лениться! Чтоб в ступе воду не толочь, душа обязана трудиться и день и ночь». Ну за цябе, каб ты трудзіўся». Хоп! Сальца ёсць, агурчык ёсць, хлеба няма. Імяніннік кажа жонцы: «Валя схадзі па хлеб». «Ой, нешта, Грыша, я сёння лянотная зусім». Грыша схадзіў. Тады Караткевіч сказаў: «Грыша, а ты ведаеш гісторыю гэтага верша, як ён у арыгінале гучаў? Не позволяй жене лениться».

Уладзімір Някляеў.
Фота: Belsat.eu

Пасля жартаўлівага пачатку Някляеў прачытаў верш ды падзяліўся яшчэ адной думкай са слухачамі:

«Рана яго не стала. Жывыя яшчэ яго аднагодкі. Усе гэтыя людзі жылі і прыдумлялі Беларусь: Барадулін, Бураўкін, Стральцоў. А прыгажэйшую за ўсё Беларусь прыдумаў усё ж такі Караткевіч. Жывіце доўга, каб дажыць да прыдуманай ім Беларусі».

Фота: Belsat.eu

Вайцюшкевіч назваў праграму не вельмі фарматнай і вінтажнай, але сярод гледачоў была і моладзь, а дзеці дзесяці год упэўнена падпявалі спеваку. Атмасфера атрымалася вельмі ўтульнай, быццам у залі сабралася 500 аднадумцаў. Зміцер Вайцюшкевіч жа падтрымліваў кантакт з слухачамі, а ў пэўны момант паскардзіўся на тое, што з-за пражэктараў не бачыць людзей, і выйшаў да іх у залю, каб павітацца.

Фота: Belsat.eu

– Закранула атмасфера. Я ўпершыню на яго канцэрце. Вельмі спадабалася праца са слухачамі, – распавёў пра свае ўражанні малады скульптар Зміцер Комлеў.

– Я ўвогуле расплакалася пасля расповеду пра тое, што Караткевіч прыдумаў лепшую Беларусь, і на песні «Дзе мой край», – падзялілася эмоцыямі Алена Геранок.

Хоць сапраўды было шмат кранальных момантаў, людзі разыходзіліся з усмешкамі на тварах. Пра паспяховасць канцэрту сведчыў вокліч «Брава» ўжо пасля першай песні. Напрыканцы канцэрту людзі пляскалі ў далоні стоячы, разыходзіцца не спяшаліся. Ды і сам Вайцюшкевіч выканаў «на біс» яшчэ некалькі песень.

Фота: Belsat.eu

26 лістапада Караткевічу споўнілася б 89 год. Вайцюшкевіч растлумачыў, чаму не зладзіў канцэрт на юбілей:

«Мы вырашылі апярэдзіць усе афіцыйныя-неафіцыяныя структуры і зрабіць вось такое святкаванне, якое павінна быць нацыянальным святам кожны год. Такое адчуванне, што шмат чаго не было да Караткевіча, і, дзякуючы яму, паўстала. На тыя часы гэта ўвогуле была рэвалюцыя».

Фота: Belsat.eu

Дзіяна Раткевіч, фота Аляксандр Любянчук Belsat.eu

Стужка навінаў