Казкі для «вялікіх дзяцей». Сёння Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 87 гадоў


Усё сваё жыццё ён вельмі любіў мультфільмы. «Аспід!», – жартаўліва называла яго жонка, – ідзі, пачалося!» У кватэры тады панавала цішыня – нішто і ніхто не павінны былі замінаць. Мультфільмы стваралі яму адпаведны настрой, пры якім добра пішуцца казачныя творы.

Ва ўсім напісаным Караткевіч заставаўся перадусім казачнікам.

“Караткевіч і акула”, Крым, пачатак 70-ых

Ён выдумаў сваю фантастычную Беларусь. Тут жылі фізічна і духоўна моцныя беларусы-арыстакраты. Іх кахалі самыя прыгожыя жанчыны; сядзібы і палацы гэтых беларусаў мелі такія калекцыі жывапісу, якім бы пазайздросцілі лепшыя музеі Еўропы. Персанажы Караткевіча мелі падабенства да фальклорных асілкаў. Гістарычны фон, на якім яны дзейнічалі ствараўся з большага паводле законаў паэзіі, а не гісторыі.

Некаторых калег гэта раздражняла.

Напрыклад, Ларыса Геніюш крытыкавала раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»: «…я супраць многага ў гэтай повесці. (…) Пашто Вашая фантазія наклікала «крымчакоў» у Горадню, калі мы слаўныя тым, што нехрысты тыя да нас не пранікалі?» Іван Шамякін адзначаў: «Цікава пісаў Уладзімір Караткевіч, але ў яго толькі фон гістарычны; рэальных гістарычных персанажаў ён не ўмеў ствараць..». Як бачым, і Геніюш і Шамякін падыходзілі да ягонай творчасці выключна з рэалістычных пазіцый, хаця сама аўтарка «Споведзі» у сваіх вершах імкнулася да адкрытага рамантызму, а Іван Пятровіч у далёка не рэалістычных раманах быў казачнікам не горшым за Уладзіміра Сямёнавіча.

Так, Караткевіча не цікавіла, «вартае жалю рэалістычнае ўвасабленне рэчаіснасці, альбо мінуўшчыны». Пісьменнік не хацеў паказваць суайчынніка – няўпэўнена-смутнаглядным, палахлівым, слабым. Значна цікавей было выдумаць СВАЙГО беларуса і зрабіць гэта так па-мастацку пераканаўча, каб рэальны, абыякавы да ўсяго жыхар нашай краіны паверыў у гэтую фантазію і хоць крыху пачаў адпавядаць такому яркаму літаратурнаму вобразу.

“Разам з вавёркай”, 1982 г.

Многія казкі пісьменніка (сур’ёзныя, іранічныя, велічна-пафасныя, гумарыстычныя, сучасныя, гістарычныя, для маленькіх і дарослых) абʼядноўвала тэма ПАЭТА-ВЫРАТОЎЦЫ і прысутнічаў матыў ВЕРЫ (толькі не ў рэлігійным сэнсе гэтага слова).

У «Лебядзіным скіце», Старац выратоўваў свой народ ад жорсткага Батыя, і рабіў гэта, як сапраўдны ПАЭТ, ператварыўшы сваіх суродзічаў у прыгожых белых лебедзяў.

Сям’ю нехлямяжнага і нездагадлівага Янкі, героя «Чортавага скарба», ратаваў прыход вандроўнага артыста (таго ж ПАЭТА), які прывёў з сабой мядзведзя.

“Калядная паштоўка”, малюнак Караткевіча

У «Скрыпцы Дрыгвы й верасовых пустэчаў» Янук і Марта, пабраліся шлюбам супроць волі «чорнага, як кажан і жорсткага, як вампір» магната. Напалоханыя суседзі ад іх адвярнуліся. Але настолькі моцна Ён і Яна ВЕРЫЛІ ў сілу свайго кахання, што да іх завітаў прывід вялікага ПАЭТА Алеся Бан-Жвірбы, які абараніў герояў чароўнай песняй ад помсты магната і прынёс гэтай сямʼі багацце.

У «Дзікім паляванні..» – галоўным суперменам і выратоўцам няшчаснай Надзеі Яноўскай выступае збіральнік народнай ПАЭЗІІ Андрэй Беларэцкі.

Сваімі казкамі Уладзімір Караткевіч натхняў »вялікіх дзяцей« беларусаў – ВЕРЫЦЬ у сябе, любіць сваіх ПАЭТАЎ, і хаця б раз у дзень чытаць па адным беларускім вершы – тады (быў упэўнены!) не загінем, тады не будуць страшныя ніякія чэрці і «рознапляменныя орды», ніякія «дзікія паляванні» не затопчуць нашу гасподу.

А калі ж пісьменніку не хапала цярпення натхняць, ён ствараў зʼедлівыя творы, кшталту казкі «Жабкі і чарапаха» – пра «вялікіх дзяцей» – дурных жабак, якія не хочуць слухаць мудрую чарапаху.

Васіль Дранько-Майсюк, belsat.eu

Стужка навінаў