Караткевіч і добраахвотнікі. Топ-5 «беларускіх» месцаў у Кіеве


Ва ўкраінскай сталіцы ёсць лакацыі, тым ці іншым чынам звязаныя з Беларуссю. Самыя сімвалічныя з іх – у аглядзе belsat.eu.

Помнік славутаму пісьменніку

На вуліцы Кацюбінскага, літаральна перад будынкам беларускай амбасады ў 2011 годзе адкрылі бронзавы манумент у гонар пісьменніка, паэта і драматурга Уладзіміра Караткевіча. Помнік уяўляе з сябе фігуру Караткевіча ў поўны рост на фоне вялізарнай раскрытай кнігі. На адной з яе старонак барэльеф – вершаваныя радкі з твору Караткевіча «І тады закахалася хмара». Аўтар манументу – беларускія скульптары Канстанцін Селіханаў і Алег Варвашэня, а таксама архітэктар Аляксандр Корбут.

Фота lookmytrips.com

Жыццё Караткевіча шчыльна звязанае з Украінай, тут ён навучаўся на філалагічным факультэце ўніверсітэту Шаўчэнкі ў 1949-1954 гадах, а потым два гады працаваў настаўнікам на Кіеўшчыне.

Вуліца Беларуская і мемарыял загінулым добраахвотнікам

фота nv.ua

У сакавіку 2016 года на вуліцы Беларускай, 22 адкрылі памятную дошку ў гонар ваяроў, якія загінулі на Майдане і падчас баявых дзеянняў у АТА. Гэта беларусы Міхаіл Жызнеўскі, Алесь Чаркашын і ўкраінец Віталь Ціліжэнка, які дапамагаў у арганізацыі тактычнай групы «Беларусь». Скульптура выглядае як крыж у колерах нацыянальнага сцягу Беларусі, з гербам «Пагоня» па цэнтры кампазіцыі. На дошцы таксама ёсць фотаздымкі загінулых. Грошы сабралі сваякі і сябры беларускіх добраахвотнікаў. А сам помнік выканаў Глеб Гржабоўскі, які сам згубіў сына ў вайне на Данбасе.

Фота УНІАН

Помнік Жызнеўскаму

Акрамя згаданага мемарыялу, памяць Міхася Жызнеўскага ўшанавалі на вуліцы Грушэўскага, побач з месцам, дзе беларуса застрэлілі 22 студзеня 2014 года. У пратэстах на Майдане ягоная смерць стала адной з першых – невядомы снайпер стрэліў 25-гадоваму Міхаілу ў сэрца. Праз тры гады, у 2017-м, прэзідэнт Пятро Парашэнка пасмяротна ўганараваў Жызнеўскага званнем Героя Украіны. Бацькі Міхася памерлі сёлета – бацька ў красавіку, а маці ў траўні. Яны пахаваныя на Гомельшчыне, побач з магілай сына.

фота svaboda.org

Беларускі цэнтр «Сябры» і акцыі ля амбасады

Ужо больш за год у Кіеве працуе цэнтр «Сябры», які аб’ядноўвае беларусаў. Адзін з кіраўнікоў цэнтру – Алег Аўчыннікаў – перыядычна ініцыюе акцыі салідарнасці з беларускімі апазіцыянерамі, да якіх далучаецца некалькі дзясяткаў удзельнікаў. Звычайна, пікеты праходзяць ля амбасады Беларусі. Гэтак, падчас затрыманняў у Менску сёлета на Дзень Волі «Сябры» адрэагавалі акцыяй пад назваю «Час свабоды». А напярэдадні вучэнняў «Захад-2017», кіеўскія беларусы выйшлі да амбасады з бел-чырвона-белымі сцягамі і крэатыўнымі плакатамі. Офісу ў «Сяброў» пакуль няма, цяпер арганізацыя рэгіструецца ў адпаведных дзяржаўных органах.

фота EPA/UPG

Месца гібелі Шарамета

На скрыжаванні вуліцаў Хмяльніцкага і Франка звычайны святлафор штогод ператвараецца ў стыхійны мемарыял. Менавіта тут 20 ліпеня 2016 года ад выбуху ў аўтамабілі загінуў беларус па паходжанні, вядомы журналіст Павел Шарамет. Сябры і калегі нясуць кветкі, фотаздымкі і плакаты з патрабаваннем высветліць, хто стаіць за забойствам Паўла. За два гады афіцыйнае следства фактычна не прасунулася ў расследаванні гэтай справы.

***

Паводле дадзеных перапісу, ва Украіне стала жывуць 275 800 беларусаў, з іх больш за 16 тысячаў – у Кіеве.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў