Каранік: За час пратэстаў загінулі два чалавекі, пацярпелі больш за 150

Уладзімір Каранік выйшаў пагаварыць з медыкамі падчас забастоўкі. 17 жніўня 2020 г. Фота: TK / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік заявіў, што падчас паслявыбарчых акцыяў у Беларусі загінулі два чалавекі, больш за 150 асобаў – пацярпелі, падае Інтэрфакс.

«Падчас акцыяў пратэсту загінулі два чалавекі, адзін з іх у Менску. У больніцах знаходзяцца 158 чалавек. Ва ўсіх стан стабільны, некрытычна. На Акрэсціна – шэсць затрыманых, якіх аглядаюць медыкі. Медыкаў у ЦІП і ІЧУ дапускаюць», – заявіў Каранік, калі выйшаў на акцыю пратэсту, якую медработнікі зладзілі каля будынку Міністэрства аховы здароўя.

Пасля невялікай гутаркі міністр з’ехаў пад воклічы «Ганьба!» і «Забойца!».

Першым чалавекам, які загінуў у часе пратэстаў, стаў мянчук Аляксандр Тарайкоўскі, з ім развіталіся 15 жніўня. Таксама загінуў Аляксандр Віхор, але ў пасведчанні аб смерці, якое атрымалі родныя, напісана, што прычына смерці высвятляецца.

У Гомлі развіталіся з Аляксандрам Віхорам. Ён стаў другой ахвярай міліцэйскага бязмежжа

З 9 жніўня ў Беларусі праходзяць масавыя акцыі пратэстаў, па ўсей краіне былі затрыманыя больш за 6700 чалавек. Месца перабывання блізу дзясятка асобаў не вядомае да гэтага часу.

Ст. м. Пушкінская, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

АА belsat.eu

Hавiны