Каранік: «Тры адсоткі – гэта лухта». Як старшыня аблвыканкаму супакойваў актораў Гарадзенскага драмтэатру


Уладзімір Каранік у Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

22 верасня ўвечары на размову з акторамі Гарадзенскага драматычнага тэатру прыязджаў старшыня аблвыканкаму Уладзімір Каранік. З-за ягонага візіту быў адменены спектакль. З якой нагоды кіраўнік Гарадзенскай вобласці сустракаўся з акторамі ды пра што ішла гаворка, высвятляў наш карэспандэнт.

Затрыманні актораў і спыненне спектаклю

У Горадні 20 жніўня падчас акцыі пратэсту быў затрыманы заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Сяргей Курыленка і акторка Валянціна Харытонава – абодва яны акторы Гарадзенскага драматычнага тэатру. У гэты час у драмтэатры ішоў спектакль, акторы, дазнаўшыся пра здарэнне, папрасілі прабачэння ў гледачоў і спынілі паказ спектаклю на знак пратэсту супраць затрымання сваіх калегаў.

Мітынг у Горадні 19 жніўня.
Фота: Васіль Малчанаў / belsat.eu

Адміністрацыя адразу ж прымусіла актораў пісаць тлумачальныя запіскі. Акторы Васіль Мініч і Наталля Лявонава адмовіліся гэта рабіць, за што на іх склалі акты аб адмове ад тлумачальнай. 22 верасня ў тэатры прайшлі звальненні. З уласнай ініцыятывы звольнілася акторка Елізавета Мілінцэвіч, пасля чаго яе адразу выселілі са службовага інтэрнату. Таксама звольнілася мастачка Вольга Шчарбінская.

Абстаноўка ў тэатральным калектыве была вельмі напружаная, таму ўвечары 22 верасня на размову з супрацоўнікамі Гарадзенскага драмтэатру прыехаў новы старшыня аблвыканкаму Уладзімір Каранік і адразу пачаў ціснуць: «Людзі, якія прыйшлі на спектакль, заплацілі грошы. У вас ёсць дамова, тэатр фінансуецца з бюджэту. То бок дзяржава, з якою вы не згодныя, плаціць грошы. Дык давайце, зыходзячы з гэтага, калі хірург не згодзен з палітыкай дзяржавы – то ён проста скончыць аперацыю. То бок вы палічылі, што працу, аплачаную паводле кантракту, можна спыніць з-за свайго гледзішча».

На што акторы яму адказалі: «Мы думалі, нашыя калегі ў небяспецы».

Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму адказаў: «У нас ёсць аплачваная праца, якую мусім выканаць. Кіроўца, які вязе кагосьці, у пэўны момант вырашыць, што ён не згодны з палітычнымі поглядамі тых, хто ў салоне, і высадзіць пасярод дарогі».

Каранік
Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік уцякае ад пратэстоўцаў-медыкаў. Людзі паклалі плакаты на лабавое шкло, крычалі «забойца», не выпускалі з натоўпу. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Няма такога паняцця, як пералічыць галасы на выбарах»

Гаворка таксама ішла і пра вынікі прэзідэнцкіх выбараў і пратэсты. Уладзімір Каранік запытаў калектыў тэатру, што яны прапаноўваюць.

Акторы: «Пералічыць галасы на выбарах».

Каранік: «На сёння няма такога паняцця, як пералічыць галасы на выбарах. Тут ужо прагучала пра новыя сумленныя выбары».

Акторы: «Без Ярмошынай!»

Каранік: «Частка насельніцтва не паверыць у гэтыя камісіі. Частка народу не пагодзіцца і таксама выйдзе на вуліцу».

Акторы: «Тры адсоткі?»

Каранік: «На сённяшні дзень зразумела, што тры адсоткі – гэта лухта».

АМАП каля тэатру і адмена запланаванага спектаклю

Падчас сустрэчы таксама гаворка ішла аб ініцыятыве актораў адмовіцца ад паказу камедыяў, на знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў краіне, замест іх дадаць у рэпертуар больш драматычных пастановак. Кіраўніцтва ж не ўбачыла ў гэтым патрэбы.

Сустрэча актораў з Уладзімірам Каранікам працягвалася каля дзвюх гадзінаў. У гэты час падтрымаць актораў прыйшло каля 20 гарадзенцаў, адразу ж за тэатрам з’явіліся два таніраваныя мікрааўтобусы з супрацоўнікамі АМАПу пад кіраўніцтвам іхнага начальніка – Віктара Краўцэвіча.

Прэсу ж на сустрэчу не пусцілі, на прапанову паразмаўляць Каранік адказаў: «Навошта?».

З-за прыезду Караніка быў адменены спектакль, запланаваны на 19:00, кіраўніцтва тэатру забылася пра гэта папярэдзіць гледачоў.

Меркаванні
Вяселле ў бункеры
2020.09.23 14:53

АК Belsat.eu

Стужка навінаў