Каралеву Брытаніі хочуць уцягнуць у палітыку. Такога не было 88 гадоў


У выніку крызісу, у якім апынулася Вялікая Брытанія з-за рашэння выйсці з ЕЗ, частка Кансерватыўнай партыі краіны задумваецца над тым, каб папрасіць каралеву Элізабэт II стаць на чале дзяржавы, калі прэм’ер-міністрам стане Барыс Джонсан, піша Бі-Бі-Сі.

Праціўнікі разрыву стасункаў з Еўразвязам, дэпутаты парламенту і сябры ўраду з Кансерватыўнай партыі маюць намер звяртацца да каралевы, каб яна ў якасці кіраўніка дзяржавы папрасіла ў ЕЗ ​​новую адтэрміноўку выхаду Брытаніі, які прызначаны на 31 кастрычніка.

Такім чынам торы-праціўнікі Барыса Джонсана спадзяюцца перашкодзіць яму ажыццявіць рэзкі разрыў з ЕЗ.

Джонсан за жорсткі разрыў з ЕЗ

Новы прэмʼер-міністр краіны зʼявіцца ўжо ў наступную сераду, 24 ліпеня. Верагодна, што ім стане Барыс Джонсан.

Пры гэтым Джонсан абяцае пры любых абставінах вывесці краіну з Еўразвязу 31 кастрычніка, пасля заканчэння тэрміну дзеяння адтэрміноўкі. Гэта – галоўны пункт яго праграмы, і менавіта за гэтую пазіцыю яго падтрымлівае большасць сябраў Кансерватыўнай партыі.

Калі прэмʼер і напраўду паспрабуе вывесці Брытанію з ЕЗ 31 кастрычніка, то гэта будзе «абвальны» выхад без урэгуляваных адносін з Еўразвязам.

Змоўшчыкі ў парламенце Брытаніі

Вялікая група дэпутатаў і сябраў ураду ў Кансерватыўнай партыі, як і ўсе пяць апазіцыйных партыяў у Палаце абшчын, перакананыя, што рэзкі разрыў з ЕЗ балюча ўдарыць па эканоміцы Брытаніі.

Пры гэтым яны асцерагаюцца, што Барыс Джонсан, каб выканаць сваё абяцанне, можа проста праігнараваць волю парламенту. У яго ёсць для гэтага пэўныя працэдурныя магчымасці.

Каб пазбегчы гэтага палітыкі разглядаюць магчымасць прыняць у Палаце абшчын «ніжэйшы зварот» (гэта афіцыйны тэрмін – «humble address») да каралевы Элізабэт II з просьбай у якасці кіраўніка дзяржавы прадстаўляць краіну на саміце Еўразвязу восенню ў Бруселі і папрасіць новую адтэрміноўку брэкзіта.

Фармальна каралева зʼяўляецца кіраўніком дзяржавы, і мае поўнае права прымаць палітычныя рашэнні – але яна гэтым ніколі, ні разу за ўсе 67 гадоў кіравання, не карысталася.

Да яе ў XX стагоддзі кароль умяшаўся ў палітыку, усяго адзін раз, у 1931 годзе, прытым пад ціскам абставінаў. Гэта быў дзед Лізаветы, Георг V, і яму тады, ва ўмовах цяжкага эканамічнага і палітычнага крызісу, прыйшлося падштурхнуць партыі да стварэння ўраду нацыянальнага адзінства.

Брытанцы знялі пародыю пра брэкзіт

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары