Каралеўскія сем'і ў вышыванках і нацыянальных строях. Фотападборка


Ці насамрэч вышываная сарочка аддаляе беларусаў ад Еўропы ды пагружае іх у вясковасць?

Мода на вышыванкі ў Беларусі спарадзіла дыскусію, у якой некаторыя галасы сцвярджалі, што ўпрыгожаная беларускім узорам сарочка сталася сімвалам адмовы ад еўрапейскіх памкненняў ды азначае паглыбленне беларусаў у вясковай культуры. Ці гэта насамрэч так?

Belsat.eu зрабіў падборку фотаздымкаў, на якіх пазуюць у нацыянальных строях, часцяком з вышыўкаў, прадстаўнікі найстарэйшых арыстакратычных родаў Еўропы.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Прадстаўнікі каралеўскага дому Нарвегіі святкавалі сёлета Каляды ў вышыванках. У нацыянальныя строі апранулася каралева Соня, жонка караля Нарвегіі Гаральда V (першы злева) з дынастыі Глюксбургаў, а таксама жонка наследнага прынца Гокана – кронпрынцэса Мэттэ-Марыт.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Сам спадчыннік нарвежскага трону Гокан (у цэнтры з паднятай рукой) таксама апранае нацыянальнае адзенне. Фартушок, які вельмі нагадвае беларускі, павязвае таксама другая асоба ў чарзе да нарвежскага трону – ягоная дачка прынцэса Інгрыд Аляксандра (у цэнтры са сцягам).

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Сям’я караля Швецыі Карла XVI Густава (другі справа ў першым шэрагу) з дынастыі Бернадотаў. У строях з вышыўкай – каралева Швецыі Сільвія (першая справа ў першым шэрагу), наследная прынцэса Вікторыя, якая трымае на руках дачку Стэлу, і прадстаўніца каралеўскай сям’і прынцэса Мадлен (пасярэдзіне ў другім шэрагу).

[vc_single_image image=”10″ img_size=”large”]

Прынцэса Мадлен, другая дачка караля Швецыі Карла XVI Густава любіць красавацца ў народным строі з вышытым пасам.

[vc_single_image image=”13″ img_size=”large”]

Каралева Румыніі Елізавета (1843-1916) паходзіла з нямецкага княскага роду, але ўсёй душою прыкіпела да румынскай культуры. Пісала вершы па-румынску, збірала румынскі фальклор. На двары яе лічылі рамантычнай і эксцэнтрычнай асобай, якая на шмат якія публічныя імпрэзы прыходзіла ў багата вышытым народным румынскім адзенні.

[vc_single_image image=”16″ img_size=”large”]

Будучая каралева Румыніі Марыя (1875-1938), жонка наследнага прынца Фердынанда І, якая паходзіла з Вялікай Брытаніі, таксама любіла строіцца ў народнае румынскае адзенне. На здымку прынцэса справа разам са сваёй прыдворнай дамай.

[vc_single_image image=”19″ img_size=”large”]

Прынц Люітпольд і Альбрэхт, унукі апошняга караля Баварыі Людвіга III, які быў скінуты ў 1918 годзе, часта апраналі традыцыйныя баварскія строі са скуранымі кароткімі нагавіцамі. Вітэльсбахі – уладары Баварыі з XII стагоддзя. У розны час Вітэльсбахі былі курфюрстамі брадэнбургскімі (1351-1364), графамі галандскімі (1353-1417), каралямі дацкімі (1440-1448), чэшскімі (1619-1620), шведскімі (1654-1741), грэцкімі (1832-1862), а таксама імператарамі Свяшчэннай Рымскай імперыі (1314-1347, 1400-1410, 1742-1745). На думку некаторых, менавіта Вітэльсбахам цяпер належаць правы на брытанскую карону.

[vc_single_image image=”22″ img_size=”large”]

Апошні князь з дынастыі Вітэльсбахаў Альберт Баварскі апранаўся ў баварскі традыцыйны касцюм з белай сарочкай і скуранымі кароткімі нагавіцамі і ў больш сталым узросце.

[vc_single_image image=”25″ img_size=”large”]

Дацкая каралева Маргарэт ІІ часта апранае ўзорысты грэнландскі народны строй.

[vc_single_image image=”28″ img_size=”large”]

Жонка спадкаемцы дацкага трону прынцэса Мары заваявала сэрцы жыхароў Фарэрскіх выспаў, апрануўшыся ў мясцовы традыцыйны строй.

[vc_single_image image=”31″ img_size=”large”]

Эрцгерцаг (архікнязь) Вільгельм Франц (1895-1948) з аўстрыйскага імператарскага роду Габсбургаў таксама насіў вышыванку, што праўда ўкраінскую. Род Габсбургаў – адзін з самых старажытных у Еўропе. Праз манархічныя шлюбы Габсбургі былі з’яднаныя з Рурыкавічамі і Гедзімінавічамі.

Сярод продкаў эрцгерцага Вільгельма – князь Ягайла і княгіня Соф’я Гальшанская. Вільгельм Франц лічыўся адным з неафіцыйных прэтэндэнтаў на ўкраінскі пасад, калі б там пасля І сусветнай вайны ўтварылася манархія. Ён так палюбіў украінскую культуру і літаратуру, што вывучыў мову і нават пісаў пад псеўданімам Васіль Вышываны вершы на ўкраінскай мове. Дзякуючы ягонай пратэкцыі міністрам аховы здароўя Аўстра-Венгерскай імперыі стаў у 1917 годзе ўкраінец Іван Гарбачэўскі.

[vc_single_image image=”34″ img_size=”large”]

Каралева Іспаніі Сафія не цураецца мантыльі на высокім грэбні – элементу жаночага народнага строю Іспаніі.

[vc_single_image image=”37″ img_size=”large”]

У маладосці каралева Софія апранала строі, тыповыя для паўднёва-іспанскага рэгіёну Андалузіі.

[vc_single_image image=”40″ img_size=”large”]

Вікторыя Федэрыка, дачка інфанты Элены, старэйшай сястры караля Іспаніі Філіпа VI апранула традыцыйны іспанскі строй падчас святкавання Вялікадня.

[vc_single_image image=”43″ img_size=”large”]

Княгіня Манака Шарлен таксама часта апранаецца ў традыцыйныя для свайго княства строі.

[vc_single_image image=”46″ img_size=”large”]

На вяселлі манаршай пары Манака было шмат традыцыйных строяў.

[vc_single_image image=”49″ img_size=”large”]

Традыцыйны брытанскі кілт апранае муж каралевы Вялікай Брытаніі прынц Філіп. Гэтую традыцыю падтрымліваюць таксама дваране з акружэння каралеўскай пары.

[vc_single_image image=”52″ img_size=”large”]

Муж каралевы Вялікай Брытаніі Элізабэт ІІ прынц Філіп паходзіць з грэцкай каралеўскай сям’і. Ён быў пятым дзіцём і доўгачаканым сынам прынца Андрэя, які даводзіўся братам апошняму грэцкаму каралю Канстанціну. У дзяцінстве прынц Філіп апранаў грэцкі нацыянальны касцюм. Аднак у 1922 годзе грэцкая каралеўская сям’я мусіла выехаць з краіны, пасля таго як кароль Канстанцін адрокся ад трону.

[vc_single_image image=”55″ img_size=”large”]

Брытанскі кілт накладае таксама прынц Уэльскі Чарльз.

[vc_single_image image=”58″ img_size=”large”]

Самыя старыя фатаграфіі брытанскіх каралёў фіксуюць іх у традыцыйнай вопратцы. Продак цяперашняй каралевы Элізабэт ІІ кароль Вялікай Брытаніі Эдвард VII (1841 – 1910) і ягоны брат Альберт таксама любілі пашпацараваць у кілтах.

Другі ў чарзе на брытанскі трон прынц Уільям і ягоная жонка Кейт у 2012 годзе наведалі выспу Тувалу ў Палінезіі ў Ціхім акіяне. Паводле Канстытуцыі Тувалу манархам і кіраўніком дзяржавы ёсць каралева Вялікай Брытаніі Элізабэт II. Чальцы каралеўскай сям’і апранулі традыцыйныя спадніцы з сухой травы і станцавалі прывітальны танец.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў