Караеў распавёў, што цяпер можна рабіць з гарадавым


Статуя гарадовага насупраць будынку МУС у Менску. Фота – Максім Тарналіцкі / Onliner

Пасля паседжання ў Палаце прадстаўнікоў журналісты пацікавіліся ў новага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, ці можна пры ім будзе «падыходзіць і чапаць гарадавога».

«Так. Гэта не тое, што пры мне. Да яго заўсёды можна было падыходзіць», – цытуе міністра «Tut.by».

Пасля пытання, ці можна будзе апрануць гарадавому шалік, Юрый Караеў заўважыў, што са статуяй нельга рабіць толькі рэчы, якія зневажаюць грамадства.

«Усё, што не абражае чалавечую годнасць, – можна. Усё рабіць па-чалавечы – вось і ўсё», – адказаў міністр.

Бронзавую скульптуру царскага гарадавога з сабачкам паставілі ў 2017-м каля будынку МУС у Менску паводле ініцыятывы былога міністра Ігара Шуневіча.

Адкрыццё помніка гарадавому. Фота прэс-службы МУС

Летась скульптуру гарадавога ўдарыў па «твары» падлетак з Менску. Пасля гэтага міліцыя прымусіла прасіць яго прабачэння на камеру. Справу за «дробнае хуліганства» супраць падлетка ўрэшце спынілі, але «выбачэнне перад гарадавым» стала мясцовым мемам. Шуневіч казаў, што стварыць такое відэа было ягонай ідэяй.

На наступны дзень затрымалі іншага юнака, які павесіў на скульптуру шалік. Хлопец распавёў, што яго адвялі ў пастарунак, дзе перапісалі ягоныя звесткі і правялі кароткую гутарку пра тое, што «гэтая скульптура, груба кажучы, з’яўляецца тварам МУС» і што «ў наступны раз на помнік вешаць нічога не трэба».

Затым скульптуру гарадавога цалавалі дзяўчыны. Пасля гэтага міліцыянт папрасіў іх адысці, паколькі «з помнікам можна фатаграфавацца, але нельга чапаць». На пытанне, чаму нельга, міліцыянт патлумачыў, што «так просіць кіраўніцтва».

На пачатку снежня мінулага года анархісты паставілі каля скульптуры памінальны вянок з надпісам: «Іміджу МУС». Іх адправілі на ноч у ізалятар на Акрэсціна, пасля чаго суд аштрафаваў іх за «дробнае хуліганства».

Нарэшце, 18-гадовая студэнтка правяла два дні ў ізалятары за недарэчны жарт каля скульптуры – яна зрабіла выгляд, што замахваецца на гарадовага нагой.

Даследным шляхам высветлілася, што на фоне скульптуры гарадавога можна фатаграфавацца, а таксама гладзіць металічную сабачку – гэтыя дзеянні нараканняў у міліцыі не выклікаюць.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў