Капліцу-склад, дзе маліўся Панятоўскі, выкупіў гарадзенскі бізнесовец


Вернікі спадзяюцца, што старажытная святыня, з якой савецкія ўлады зрабілі склад машыннага алею, зноў зробіцца месцам малітвы.

Будынак старой каталіцкай капліцы на вуліцы Панямуньскай у Горадні вернікі прасілі вярнуць ужо даўно. Гадамі ўлады дасылалі толькі адпіскі. У выніку 12 сакавіка на трэцім аўкцыёне святыню разам з прылеглаю тэрыторыяй і маёмасцю «Горадняпрамтэхнікі» выкупіў прыватны прадпрымальнік. Што будзе далей з неагатычным касцёлам, пакуль не вядома.

З былой капліцы – склад машыннага алею і гаспадарчай тэхнікі

Невялікі будынак касцёла на вуліцы Панямуньскай у Горадні з’ўляецца часткай былой рэзідэнцыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, куды апошні кароль Рэчы Паспалітай уцякаў на паляванне ад настырных плётак і вачэй недабразычлівых прыдворных. Напрыканцы ХVІІІ ст. адчуваючы немінучую страту кароны, кароль пачаў раздорваць свае ўладанні і рэзідэнцыя ў Панямуні таксама перайшла ў прыватныя рукі. У ХІХ ст. капліцу перабудавалі ў неагатычным стылі. Вернікі тут маліліся да 1939 года, аднак пасля вайны будынак падзяліў лёс сотняў іншых беларускіх святынь, зачыненых камуністамі. У каралеўскім фальварку зрабілі саўгас, з капліцы знялі крыж і вакол набудавалі гаражоў – у гэтым месцы паўстала машынна-трактарная станцыя. Сам будынак святыні выкарыстоўвалі як склад, куды зносілі сельскагаспадарчую тэхніку і трымалі машынны алей. Нават пасля распаду Савецкага Саюзу будынак не аддалі вернікам, а рэшткі палацавага комплексу так і не сталі запатрабаваным турыстычным аб’ектам.

«Гадамі мы прасілі ўлады вярнуць святыню вернікам»

Яшчэ на пачатку 90-х гг. гісторыкі, якія рабілі агляд былой святыні, знайшлі ў ёй барэльеф канца XVII ст. з гербам караля Аўгуста І. Знаходку перадалі ў музей, аднак на лёс капліцы гэта ўсё адно не паўплывала. Будынак, прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю, так і застаўся складам на балансе прадпрыемства ААТ «Гроднапрамтэхніка». Яшчэ на пачатку 2000-х ксёндз Яўген Барысюк разам з вернікамі спрабаваў угаварыць гарадзенскія ўлады аддаць капліцу вернікам. У 2007 годзе афіцыйна быў зарэгістраваны прыход Найсвяцейшага Збаўцы і ўсіх святых, пад які і трапляла капліца. Аднак ні сабраныя подпісы жыхароў, ні лісты ў Міністэрства культуры не далі ніякага выніку.

«У 2006 годзе мяне прызначылі пробашчам і мы пачалі прасіць улады, каб нам далі дазвол, адрамантаваць храм і зноў зрабіць яго месцам малітвы. Мы збіралі подпісы жыхароў, адпраўлялі кіраўніцтву, некалькі разоў пісалі ў міністэрства. Аднак прыходзіла ўвесь час адна і тая ж адпіска, што святыня знаходзіцца на тэрыторыі «Гроднапрамтэхнікі», што там машынны двор, вялікі рух транспарту і гэта небяспечна для людзей. Нават была арганізавана камісія ў аблвыканкаме, дзе ўлады разам з біскупам Аляксандрам Кашкевічам нібыта прыйшлі да кампрамісу, аднак ужо праз месяц справа ізноў заглухла. І так цягнулася ажно да 2016 году, пакуль нам не сказалі, што трэба пачакаць, хто купіць тэрыторыю з будынкамі», – кажа кс. Яўген Барысюк, які праводзіць службы для жыхароў Панямуні, вул. Падольнай і ў капліцы на каталіцкіх могілках па вуліцы Антонава.

Сёння жыхарам Панямуні прыходзіцца ездзіць маліцца або ў капліцу на старых гарадзенскіх могілках на вул. Антонава, або ў іншыя касцёлы Горадні. Калі б будынак вярнулі, то маліцца прыходзіла б мінімум 150 чалавек, – кажа святар.

Як гандлявалі капліцай і былым палацавым комплексам

Некалькі гадоў таму кіраўніцтва прадпрыемства ААТ «Гроднапрамтэхніка» усё ж такі вырашыла прадаць тэрыторыю з прыбудовамі і капліцай.

«Мы не маглі выкупіць капліцу, бо па-першае ў нас грошай такіх няма, а па-другое прыйшлося б выкупляць усю тэрыторыю цалкам, бо частковы продаж зямлі не прадугледжаны, а нам патрэбна толькі святыня, каб людзям было, дзе маліцца. Капліца ўсярэдзіне яшчэ ў даволі добрым стане, хоць рамонту ўнутры ніхто не рабіў. Так, пафарбавалі звонку і бярозку на вежы зрэзалі», – тлумачыць кс. Яўген.

На першым аўкцыёне ў 2017 годзе тэрыторыю з пабудовамі прадавалі больш за 4 млн рублёў, другі раз кошт знізілі да 2,8 мільёнаў, аднак пакупнікоў усё адно не знайшлося. На апошнім аўкцыёне ў гэтым годзе зарэгістраваўся адзіны пакупнік, які і забраў нерухомасць за 774 тысяч рублёў. Ім аказаўся гарадзенскі прыватны прадпрымальнік Андрэй Буяноўскі.

Пакупнік пакуль не раскрывае сваіх планаў на маёмасць. «Гроднапрамтэхніка» павінна пакінуць тэрыторыю і занятыя будынкі да пачатку лета. Толькі тады, стане вядома ў якім стане будынкі і што з імі можна зрабіць. Што рабіць з капліцай Андрэй Буяноўскі, таксама яшчэ не вырашыў.

«Было б прыгожым жэстам, каб новы ўладальнік дазволіў нам маліцца ў храме. Я з ім размаўляў, але ён яшчэ пакуль вялікіх планаў не робіць. Трэба пачакаць пакуль прадпрыемства вывезе сваю маёмасць. Будзем прасіць разам з біскупам. Я патлумачыў, што людзям гэта патрэбна. І ўсё ж такі гэта можа быць яшчэ адзін каралеўскі куток нашага гораду», – кажа кс. Яўген.

Выкупленая тэрыторыя займае 4 га зямлі, на якой знаходзіцца 16 пабудоў: адміністратыўныя будынкі, гаражы і таксама касцёл-склад. На дадзены момант капліца зачыненая для наведнікаў.

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў