Канцэрт, фуд-корт, праграма для дзяцей: што будзе 25-га сакавіка ў Менску


Арганізатары апублікавалі план правядзення «Свята Незалежнасці».

25 сакавіка а 13-й гадзіне пачатак Урачыстага збору. З гэтага часу на галоўнай сцэне Свята пачнецца музычная праграма з выступамі гуртоў «Мутнаевока» і Amaroka.

Паралельна на тэрыторыі фестывалю распачнуць працу тэматычныя пляцоўкі:

  • пляцоўка «Вуліца БНР» з прэзентацыйнымі стэндамі і зонамі актыўнасцяў ад творчых, культурніцкіх, грамадскіх і палітычных арганізацыяў краіны;
  • пляцоўка «Ежа БНР» з кропкамі харчавання, дэгустацыйнымі стэндамі, фуд-кортамі і беларускімі стравамі;
  • пляцоўка «Кірмаш БНР» з сувенірамі і падарункамі ў нацыянальным стылі, беларускамоўнай літаратурай і настольнымі гульнямі, прэзентацыяй разнастайнай прадукцыі да 100-годдзя БНР;
  • пляцоўка «Дзеткі БНР» з адукацыйна-забаўляльнымі заняткамі для дзетак, гульнямі і аквагрымам у нацыянальным стылі.

Назірайце за святам незалежнасці онлайн. У нядзелю, 25 сакавіка, а 12:00 мы пачнем наўпроставую трансляцыю святочнага канцэрту ў Менску, акцыяў у іншых гарадах Беларусі, пакажам размовы з удзельнікамі ды гісторыкамі. Запрашаем! Святкуйма Дзень Волі разам!

А 14-й гадзіне пачнецца ўрачыстае адкрыццё «Свята Незалежнасці», якое правядуць легендарная дыктарка беларускага тэлебачання Зінаіда Бандарэнка і вядоўца тэлеканалу «Белсат» Усевалад Сцебурака.

У межах урачыстай часткі запланаваныя выступы запрошаных гасцей свята, зачытванне 3-й Устаўной граматы, тэатральна-музычная праграма з удзелам актораў «Свабоднага тэатру» і музыкаў. Спявачка Таццяна Грыневіч і мужчынскі хор Headspring выканаюць нацыянальныя гімны беларусаў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Магутны Божа» і «Пагоня».

Ад 15:00 да 19:00 на галоўнай сцэне Свята запланаваныя выступы Ігара Варашкевіча і гурта «Крама», Касі Камоцкай з песнямі гурта «Новае Неба», Пятра Клюева з беларускамоўнымі хітамі XXI стагоддзя, лідара гурта «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага, папулярных гуртоў Akute, «РСП», Dzieciuki. Выступы яшчэ некалькіх вядомых гуртоў будуць аб’яўленыя за некалькі дзён да 25 сакавіка.

Весці музычна-забаўляльную частку свята будуць акторы «Свабоднага тэатру» Аляксей Сапрыкін і Юлія Шаўчук.

Стужка навінаў