«Канца гісторыі няма». Пра што гаварылі на менскай антыканферэнцыі «Belarus Future Unconference»


Сёння ў Менску на пляцоўцы «Space» прайшла «Belarus Future Unconference» – антыканферэнцыя, прысвечаная сучасным выклікам, якія стаяць перад Беларуссю: сярод іншага, абмяркоўвалі стан эканомікі, дэмаграфічнае развіццё, трэнды ў навуцы і адукацыі.

Паводле арганізатараў, некамерцыйнай арганізацыі «Цэнтр новых ідэяў», мэта імпрэзы – знайсці шляхі, як зрабіць будучыню краіны лепшай. І абмеркаваць гэта запрасілі спікераў з розных галінаў: спецыялістаў з ІТ, трэцяга сектару, эканамістаў, журналістаў, палітолагаў.

Менская антыканферэнцыя Belarus Future Unconference. Фота Надзеі Гацак

Сярод удзельнікаў – генеральны дырэктар Бізнес-школы ІПМ Павел Данэйка, дырэктар Інстытуту палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч, экс-кандыдатка на прэзідэнцтва Таццяна Караткевіч, палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў ды іншыя.

Сярод удзельнікаў экс-кандыдатка на прэзідэнцтва Таццяна Караткевіч. Фота Надзеі Гацак

Праграма антыканферэнцыі, разлічаная на шэсць гадзінаў, уключала ў сябе некалькі блокаў: традыцыйныя выступы спікераў перад аўдыторыяй, а таксама групавыя дыскусіі ў фарматах «world cafe» i «fish bowl».

Як адзначыў у прывітальным слове заснавальнік «Цэнтру новых ідэяў» Рыгор Астапеня, ягоная камада імкнулася зрабіць падзею нестандартнай, бо людзі «стаміліся ад сумных канферэнцыяў. Дарэчы, «Belarus Future Unconference» ладзяць у Менску ўжо другі раз.

Генеральны дырэктар Бізнес-школы ІПМ Павел Данэйка. Фота Надзеі Гацак

Ці гатовая Беларусь да будучыні?

Антыканферэнцыя пачалася з абмеркавання, ці гатовая наагул Беларусь да будучыні. Гаворачы пра неабходнасць палітычнай трансфармацыі ў дзяржаве, Павел Данэйка адзначыў: «Галоўным прынцыпам і каштоўнасцю тых людзей, якія будуць праводзіць рэформы, павінен стаць наступны: краіна – важнейшая за мае асабістыя інтарэсы». На думку Данэйкі, раней людзі заўжды думалі, што канец гісторыі – блізка, ён павінен быў наступіць ці то з крахам сацыялізму, ці то да яго мусіла прывесці развіццё сучаснага капіталізму:

«Мы думалі: яшчэ трошкі – і збудуем новае грамадства, дзе чалавек будзе шчаслівым. Але гэта хлусня. Бо канца гісторыі не існуе». Таму шлях трансфармацыі – адзіны магчымы і непазбежны для Беларусі, але нейкай канчатковай «ідэальнай» кропкі ў гэтага працэсу быць не можа.

Менская антыканферэнцыя Belarus Future Unconference. Фота Надзеі Гацак

Татальная прыватызацыя

Што датычыць стану эканомікі, то Павел Данэйка ўпэўнены: праз 3–4 гады Беларусь чакае татальная прыватызацыя, як бы ўлады цяпер ні выступалі супраць яе. Ён згадаў словы Лукашэнкі ў 1994 годзе, калі той абяцаў «праз год паціснуць руку апошняму прадпрымальніку», але вельмі хутка змяніў свае меркаванне. Данэйка мяркуе, што сёння Беларусь мае адныя з найбольш спрыяльных умоваў развіцця прадпрымальніцтва на постсавецкай прасторы, але гэта быў «крывавы шлях», бо шмат хто не толькі губляў бізнес, але і рызыкаваў уласнай свабодай.

Эміграваць ці заставацца?

На антыканферэнцыі прысутнічала шмат моладзі, якую цікавіла пытанне эміграцыі за мяжу. Эксперт адказаў, што Беларусі варта ствараць такія ўмовы, каб моладзь хацела застацца працаваць тут.

«А беларусы за мяжой павінны інтэгравацца ў мясцовыя эліты і адначасова не губляць кантактаў з Беларуссю, у такім разе эміграцыя будзе эфектыўнай. Але працэнт тых, хто з’язджае, у нас ніжэйшы за паказчык, напрыклад, у Літве або Балгарыі», – дадаў Данэйка.

Апроч таго, на «Belarus Future Unconference» дыскутавалі на тэму, якім чынам можна выратаваць беларускую навуку і адукацыю, што рабіць, каб адрадзіць рэгіёны, а таксама ці варта баяцца за стан экалогіі нашай краіны.

КА belsat.eu

Стужка навінаў