«Кантрольнае галасаванне» ў Берасці: фальсіфікатары – пад прыкрыццём міліцыі (+ фільм)


Берасцейскі актывіст «расклаў па палічках» доказы фальсіфікацыяў на выбарах, але міліцыя ў трэці раз адмаўляецца заводзіць крымінальную справу.

Не за гарамі ў Беларусі новыя выбары, а берасцейскі каардынатар Руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк не толькі працягвае дамагацца ўзбуджэння крымінальнай справы датычна падтасоўкі прэзідэнцкіх выбараў, але і зняў дакументальны фільм.

Эксперымент назіральнікаў падчас выбараў прэзідэнта Беларусі выявіў падтасоўкі адразу на некалькіх участках у Берасці.Ён палягаў на тым, што чатыры асобы замест бюлетэня ўкінулі ў скрыні для галасавання пустыя лісты. Аднак падчас «падліку» галасоў камсія знайшла толькі адзін несапраўдны бюлетэнь.

«Цяпер перад міліцыяй стаіць задача разабрацца, ці былі гэтыя 4 бюлетэні, якія я ім перадаў, выдадзеныя на ўчастку №60. Здавалася б, што можа быць прасцей – трэба толькі ўсталяваць ці належаць подпісы на чатырох бюлетэнях сябрам выбарчай камісіі. Але справа прыняла нечаканы абарот, – толькі адзін з 9 сябраў камісіі прызнаў свой подпіс, а астатнія заявілі, што іх подпісаў на бюлетэнях няма», – распавядае Дзяніс Турчаняк.

Парадокс, але почырказнаўчую экспертызу прызначылі толькі ў адносінах да аднаго подпісу – той, якая стаіць на бюлетэні побач з прызнанай.

«А чаму не прызначаная экспертыза яшчэ 6 подпісаў, якія стаяць на 3-х бюлетэнях? Няўжо міліцыя мае намер паверыць на слова сябрам камісіі, якім больш нічога не застаецца для сваёй абароны, акрамя як адмаўляць наяўнасць сваіх подпісаў? Верагодна ў далейшым яны стануць сцвярджаць, што на іх участку галасы палічаны дакладна, а мною перададзеныя ў міліцыю бюлетэні з іншага ўчастку. Ствараецца ўражанне, што міліцыя збіраецца гуляць менавіта па такім сцэнары, раз шляхам экспертызы не спрабуе ўсталяваць аўтарства ўсіх подпісаў, а не толькі адной», – дадае актывіст.

Міліцыя да гэтага часу не распачала крымінальную справу. Ды і праверка фактаў і абставінаў, пра якія паведамілі назіральнікі, праходзіць, так, каб спусціць справу на тармазах. Старшыня выбарчай камісіі «прыкрывае» фальсіфікатараў, а міліцыя дапамагае знішчаць доказы.

«Гэты ролік, што я зняў падчас выбараў – гэта толькі пачатак, мы хочам з яго дапамогай паказаць з якімі праблемамі мы сутыкаліся падчас назірання за выбарамі і спробамі прымусіць праваахоўныя органы расследаваць парушэнне выбарчага заканадаўства, – гаворыць Дзяніс Турчаняк. – Ужо прызначаныя наступныя выбары – парламенцкія – але факты фальсіфікацыі прэзідэнцкай кампаніі не знайшлі свайго расследавання, вінаватыя не знойдзеныя, не пакараныя. Фільм як раз пра тое, як усё гэта адбываецца, як працуе міліцыя. Мэта фільмаў паказаць публічна, што ў Беларусі адбываюцца шматлікія парушэнне падчас выбараў. І няхай гэтыя фільмы стануць наглядным дапаможнікам для будучых выбараў у парламент. Я на сваім прыкладзе выявіў пэўныя махінацыі і паказваю гэта шырокаму колу людзей».

С.А. Belsat.eu

Стужка навінаў