Кантрабандысты на конях прарваліся праз беларуска-украінскую мяжу


Памежнікі шукаюць парушальнікаў мяжы.

У ноч на 7 жніўня памежнікі Луцкага ды Пінскага атрадаў спынілі незаконную перапраўку коней праз беларуска-ўкраінскую мяжу.

Аперацыя стала магчымай дзякуючы аператыўнаму абмену звесткамі, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны.

Групу невядомых, якія намагаліся вярхом на конях незаконна перасекчы мяжу, выявілі беларускія памежнікі. Парушальнікаў спрабавалі спыніць папераджальнымі стрэламі, аднак «непасрэдная блізасць да лініі мяжы дазволіла зламыснікам трапіць на тэрыторыю Украіны».

Неўзабаве недалёка ад месца парушэння мяжы праваахоўнікі затрымалі двух мясцовых жыхароў без дакументаў, якія прызналі сваю датычнасць да незаконнага перамяшчэння коней з мэтай іх далейшага продажу. Затрыманыя патлумачылі, што пасля стрэлаў напалоханыя коні скінулі вершнікаў і пабеглі далей, а дзе астатнія парушальнікі, ім невядома.

У цяперашні час па абодва бакі мяжы выяўляецца кола асобаў, датычных да незаконнай здзелкі.

НМ, belsat.eu, паводле dpsu.gov.ua

Стужка навінаў