Кантрабанда і падвойныя стандарты – галоўныя праблемы ў беларускай лёгкай прамысловасці


Сэканд-хэнд.
Фота: Белсат

Нацыянальны статыстычны камітэт рапартуе, што ў лёгкай прамысловасці назіраецца некаторы рост. У прыватнасці, вырас выпуск тэкстыльных вырабаў. Але, як лічаць эканамісты, насамрэч сітуацыя ў гэтай галіне далёка не аптымістычная.

Паводле апошніх звестак Белстату, у апошнія гады выпуск тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра ў нас расце. Таксама падвышаецца колькасць занятых у галіне. Мы пагутарылі з эканамічным аглядальнікам Станіславам Івашкевічам і паспрабавалі высветліць, ці сапраўды айчынная лёгкая прамысловасць ідзе ў рост.

– Якая прадукцыя лёгкай прамысловасці Беларусі найбольш папулярна ў насельніцтва і за мяжой?

– У Беларусі, на самой справе ёсць брэнды, якія традыцыйна карыстаюцца попытам. Тая ж бялізна ад «Milavitsa» якую яшчэ ў 90-х мяшочнікі вазілі прадаваць на рынкі Балгарыі і Турэччыны. Ёсць брэнд «SERGE», які ператварыўся ў «Трусік» і нават сам «Беллёгпрам», сям-там выдае часам калекцыі, якія карыстаюцца попытам.

Але перадусім попытам карыстаецца прадукцыя прыватных фірм, а ў выпадку «Беллёгпраму» гэта аднак хутчэй выключэнне. Ён ужо каторы год знаходзіцца ў заняпадзе з шэрагу розных прычынаў.

Аб’ектыў
Навошта сэканд-хэндам хочуць забараніць прадаваць новае адзенне
2020.05.27 21:51

– Белстат падае рост плюс 11,8 % у супастаўных цэнах да 2015 года. Як правільна разумець гэткія лічбы?

– У сваім аглядзе, прымеркаваным да дню працаўнікоў лёгкай прамысловасці Белстат указвае, што на 11,8 % вырасла прамысловасць з 2015 году. Яны за кропку адліку ўзялі самы цяжкі крызісны год, калі ў нас усё абвалілася. І ў параўнанні з тым дном, на якім знаходзілася галіна ў 2015 годзе, сапраўды справы крыху прырасло. Але трэба канешне глядзець больш шырока.

– Па-першае, у мінулым годзе аб’ём прамысловасці быў таксама каля 4 млн. І цягам году прамысловасць фактычна не вырасла. А параўноўваючы з 2011 годам колькасць супрацоўнікаў у лёгкай прамысловасці скарацілася на ажно 35 000 чалавек! Тады было каля 120 тысяч работнікаў, у 2018 годзе – 85 тысячаў, а цяпер, як бачым, 90 тысячаў чалавек.

Вынікае, што цягам 10 гадоў колькасць працаўнікоў галіны скарацілася амаль на траціну! Калі яшчэ параўноўваць лічбы з 2011-ым годам, то абутку было тады выраблена 17 тыс. пар, а цяпер гэта 10 тыс. пар. Гэтак адбываецца фактычна па ўсіх пазіцыях, за невялікімі выключэннямі. Калі параўноўваць гэтыя паказнікі з 2011 годам, маем істотнае падзенне, а не рост. Апошнія звесткі – фактычна маніпуляцыя Белстату. Яны выбралі самую нізкую крызісную базу і паказалі рост у параўнанні менавіта з ёй, хаця мы па шматлікіх пазіцыях не дагналі нават узровень 2011 году.

Фотарэпартаж
Пра густы не спрачаюцца. Як у Берасці распрадавалі тавары «Беллёгпраму»
2018.04.28 18:56

– Якія галоўныя праблемы ў лёгкай прамысловасці нашай краіны?

– У Беларусі ў лёгкай прамысловасці падобныя праблемы, як і ў астатніх галінах нашай прамысловасці. Першае тое, што дзяржава мае тут вельмі вялікую прысутнасць. Дзяржава датуе стратныя прадпрыемствы, выдаткоўваючы грошы з бюджэту, і забірае за кошт гэтага дэмпінгу рынкі ў прыватнікаў, якія працуюць у гэтым жа коштавым сегменце і робяць прадукцыю больш якасную і, што галоўнае, рэнтабельна. Што да прыватных брэндаў, то яны развіваюцца, але таксама тармозяцца крызісамі, якія разгойдваюць Беларускую эканоміку.

Кантрабанда і падвойныя стандарты

Ад іпэшнікаў, якія возяць вопратку з Расеі, патрабуюць адмысловых сертыфікатаў і ўсяляк ускладняюць іхную працу. А з іншага боку існуюць кампаніі, як таварыства «Глобалкастом», звязанае з «Брэміна груп», уладальнікам якой зʼяўляецца Аляксандр Зайцаў (у медыях яго называюць былым памочнікам Віктара Лукашэнкі). Таксама адзін з уласнікаў кампаніі – Аляксей Алексін, які працаваў у Лукашэнкі, пасля чаго яго ўзялі ў долю. На «Белсаце» было расследаванне пра тое, што пад выглядам тканіны для фіранак, якая не абкладаецца мытам у Беларусі, яны завозілі турэцкую вопратку. Таксама цяпер шмат каго турбуе пытанне, чаму паслабілі правілы ўвозу імпарту для выхадцаў з сярэдняй Азіі, якія цяпер паадчынялі шмат крамаў у Беларусі і гандлююць паводле ўмоваў, лепшых, чым маюць нашыя індывідуальныя прадпрымальнікі. У выніку эксперыменту аказалася, што гэтыя бізнесоўцы нават не заўсёды выдаюць чэкі і не маюць адпаведных сертыфікатах на тавар.

Нелегальную схему «Глобалкастом» выявілі расейскія мытнікі. Яны перадалі справу ў беларускі суд. Айчынная Феміда закрыла гэтае пытанне без пакаранняў. А кантрабанда запаўняе Беларускі рынак і перашкаджае развівацца ўласнаму айчыннаму бізнесу і Беларускай лёгкай прамысловасці. На гэтым нажываюцца бізнесоўцы з блізкага кола кіраўніка краіны і яго сямʼі.

Кірыл Смяглікаў belsat.eu

Стужка навінаў