Кантактная група па Украіне дамовілася пра запуск чатырох рабочых падгруп


Удзельнікі перамоў па Украіне дамовіліся ў Менску пра запуск чатырох рабочых падгруп у межах кантактнай групы. Пра гэта паведаміла журналістам прадстаўнік АБСЕ Гайдзі Тальявіні.

Перамовы 6 траўня доўжыліся больш за чатыры гадзіны. Як адзначыла паводле іх вынікаў Тальявіні, стварэнне рабочых падгруп прадугледжана менскімі пагадненнямі ад 12 лютага 2015 года. «Мы сабраліся ў Менску дзеля запуску рабочых падгруп па бяспецы, палітычных пытаннях, пытаннях бежанцаў і гуманітарнай дапамозе, па эканамічных пытаннях, – сказала прадстаўнік АБСЕ. – Сёння падгрупы першы раз сустрэліся, абмяркоўваўся парадак дня наступных сустрэч».

Паводле яе слоў, каардынатары гэтых падгруп ад АБСЕ праінфармавалі чальцоў трохбаковай кантактнай групы аб першых выніках сустрэчы, падае БелаПАН.

«Работа прайшла ў канструктыўным ключы, – падкрэсліла Тальявіні. – Заклалі асновы для магчымасці ўрэгулявання ўсіх пытанняў за сталом перамоў».

Прадстаўнік Украіны ў трохбаковай кантактнай групе Леанід Кучма паведаміў, што сустрэча прайшла «ў цёплай, дружалюбнай абстаноўцы». «У кожнай рабочай падгрупе рашэнні былі прыняты кансэнсусам, дамовіліся, што супрацьстаянне ні да чаго не прыводзіць, трэба шукаць кампраміс», – сказаў Кучма.

Ён выказаў падзяку беларускаму боку за дапамогу ў арганізацыі сустрэчы. «Усім удзельнікам так спадабалася ў Менску, што рабочыя падгрупы хочуць тут ледзь не кожны тыдзень сустракацца», – адзначыў экс-прэзідэнт Украіны.

У сваю чаргу прадстаўнік Расеі Азамат Кульмухаметаў сказаў, што сёння зроблены «сурёзны крок» у палітычным урэгуляванні крызісу. «Галоўнае, што гэта адбылося на аснове прамога дыялогу з прадстаўнікамі Данбасу, – лічыць ён. – Гэта дае сурёзныя падставы для ўрэгулявання сітуацыі». Кульмухаметаў адзначыў, што кожная рабочая група вызначыла кола сваіх першачарговых задач.

У сустрэчы кантактнай групы дзеля ўрэгулявання канфлікту ва Украіне ўдзельнічалі прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дэйнэга.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў