Кантактная група па Сірыі дамовілася ўсталяваць замірэнне цягам тыдня


На перамовах у Мюнхене бакі дамовіліся тэрмінова забяспечыць пастаўкі харчавання і медыкаментаў у блакаваныя населеныя пункты Сірыі. Удзельнікі сустрэчы вельмі асцярожна ацэньваюць дасягнутыя вынікі.

На перамовах кантактнай групы па Сірыі ў Мюнхене дасягнутае пагадненне аб неадкладным «значным скарачэнні гвалту», які «праз тыдзень мае прывесці да канца баявых дзеянняў», заявіў у ноч на пятніцу, 12 лютага, міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер (Frank- Walter Steinmeier). У той жа час кіраўнік нямецкага МЗС падкрэсліў, што «толькі праз некалькі дзён стане ясна», ці на самай справе ў Мюнхене атрымалася «дамагчыся прарыву» ў вырашэнні сірыйскага крызісу.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры таксама праявіў асцярожнасць у ацэнцы дасягнутых вынікаў. «Сапраўдная праверка будзе палягаць у тым, ці стануць усе ўдзельнікі кантактнай групы ў рэальнасці прытрымлівацца ўзятых на сябе абавязкаў», – сказаў ён на сумеснай прэс-канферэнцыі з міністрам замежных спраў РФ Сяргеем Лаўровым.

Журналістам паведамілі, што, паводле дамоўленасцяў, у Сірыю мусяць быць тэрміновыя пастаўкі харчавання і медыкаментаў. Пры гэтым, як адзначалася, баявыя дзеянні супраць «Ісламскай дзяржавы» не спыняцца. У прыватнасці Расея, працягне наносіць авіяцыйныя ўдары па пазіцыях баевікоў гэтай тэрарыстычнай групоўкі.

Рабочая група ў Жэневе

Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў аб стварэнні рабочай групы РФ-ЗША ў справе спынення агню ў Сірыі, куды ўвойдуць дыпламаты і вайскоўцы. Праца групы пачнецца «ужо заўтра ў Жэневе і будзе праходзіць рэгулярна». Упершыню «замацаваная неабходнасць супрацы і каардынацыі не толькі па палітычных і гуманітарных пытаннях, але і па ваенным вымярэнні сірыйскага канфлікту», удакладніў Лаўроў.

Масква спадзяецца, што ўдзельнікі кантактнай групы «выкарыстоўваюць свой уплыў на адпаведныя апазіцыйныя групы, каб яны ў поўнай меры супрацоўнічалі з ААН», падкрэсліў кіраўнік МЗС РФ.

Мірныя перамовы паміж сірыйскімі паўстанцамі і ўрадам Сірыі будуць адноўленыя ў Жэневе «так хутка, як гэта магчыма», заявіў пасля заканчэння сустрэчы ў Мюнхене дзяржсакратар ЗША Джон Кэры.

МЯ, паводле dw.com

Стужка навінаў