Канстанцін Баравы каментуе інтэрвʼю Канчалоўскага «Белсату»: Гэта звычайныя імперскія заявы


Газета «Обозреватель» перадрукавала размову Аліны Коўшык з вядомым расейскім рэжысёрам, якая выйшла ў праграме «Прасвет» на нашым канале.

У каментары выданню расейскі апазіцыйны палітык пракаментаваў словы рэжысёра пра тое, што захоп Расеяй Крыму – правільны ход, а ўкраінцы хутка зразумеюць, што іх краіна ніколі не зможа стаць часткай Еўропы.

Паводле Баравога, у словах Канчалоўскага ёсць два аспекты.

«Адзін, вядома, гуманістычны, прымірэнчы. Вельмі няўмелы і нязграбны заклік да міру. Але там ёсць і другая… «скура»- абсалютна імперскае, савецкае выхаванне, у адпаведнасці з якім калоніі – гэта «нашы любімыя дзеці, нашы любімыя сёстры».

«Канчалоўскі, безумоўна, не адносіцца да дэмакратаў – ён проста рэжысёр, прадстаўнік творчай інтэлігенцыі Але імперыяліст праступае проста ў кожным слове. Што будзе з Украінай, Расея будзе існаваць, а Украіна – не… Гэта звычайныя імперскія заявы», – перакананы Баравы.

На думку палітыка, Канчалоўскі знаходзіцца ў «хваравітым стане свядомасці, у савецкім стане свядомасці, у атручаным стане свядомасці».

«Ён нават не вельмі разумее, што ён кажа. Ён не вельмі аналізуе свой тэкст. Гэта не віна Канчалоўскага, гэта яго няшчасце. Гэта ўспрымальнасць да прапагандысцкай кампаніі», – сказаў Канстанцін Баравы.

Расейская Федэрацыя ў яе цяперашнім стане ўяўляе сабою дзяржаву «без ног», мяркуе палітык.

ДР belsat.eu 

Стужка навінаў