Канспект лаяльнага чыноўніка

Не лічыце чыноўнікаў ідыётамі: яны ўсё выдатна разумеюць. Асабліва тыя, хто ўмудрыўся захавацца з савецкай эпохі. Яны ўмеюць канспектаваць указанні начальства – было б што канспектаваць. Аркуш з нататніка, што выхапіла тэлекамера, які нібыта належыць экс-віцэ-прэм’еру Уладзіміру Дражыну, – лепшы таму доказ.

Звычайна пасля нарады рассылаецца пратакол даручэнняў, з якога кожны чыноўнік даведваецца, што менавіта даручылі яму, а што – іншым прысутным, якія тэрміны выканання і г.д. І з гэтага пункту гледжання канспект не мае сэнсу. Гэта значыць, ён мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі не вядзецца стэнаграма (або гукавы запіс) пасяджэння. Але і яны вядуцца.

Тады – навошта патрэбны канспект?

А вы спрабавалі выседзець некалькі гадзінаў нарады, на якой самым цікавым і самым важным зʼяўляюцца не даклады, а каментары першай асобы? Таму што даклады слухаць не трэба: усе прысутныя ў той ці іншай ступені мелі дачыненне да іх напісання. А палёт імправізацыі, падчас якой чаго толькі ты не даведаешся і не пачуеш – ого-го! Потым яшчэ суседзям па «Драздах», хто ў той нарадзе не ўдзельнічаў, будзеш за чаркай гарбаты распавядаць, хай і яны парагочуць!

Аляксандр Рыгоравіч ніколі не любіў «гаварыць па паперцы». Яна абмяжоўвала палёт ягонай фантазіі. У напісаным – усё выверана, усе факты надзейныя, усе адзнакі адпавядаюць рэчаіснасці. А хочацца ж большага, праўда? Ты прамовіў – і кур’еры, трыццаць пяць тысячаў адных курʼераў, дакладна, як у Гогаля, панясуць твае словы, і чыноўнікі, схапіўшыся за галаву, кінуцца іх выконваць…

Дык было ўжо такое

1994 год. Кіраўнік дзяржавы, намагаючыся абагнаць (навошта?) Вярхоўны Савет, прымае рашэнне: падняць памер мінімальнага заробку. Проста абвясціць пра гэта падчас адной з сесіяў.

Прайшла нарада ў віцэ-прэмʼера Сяргея Лінга. Міністр працы Сасноў з сумнай усмешкаю распісаў усе лічбы. Я напісаў два абзацы тэксту: большага тэма ну ніяк не заслугоўвала.

Аляксандр Рыгоравіч узяў слова і выйшаў да трыбуны. Ён зачытваў тэкст на паперцы, бо акурат там лічбы і былі выкладзеныя. І адарваўся ад яе ўсяго аднойчы.

Было напісана, прыкладна, наступнае: маўляў, мы падымаем мінімальны заробак, а значыць, павялічацца даходы ўва ўсёй бюджэтнай сферы – лекараў, настаўнікаў, міліцыянтаў.

Фота REUTERS/Vasily Fedosenko

Але тут акурат ён і адарваўся. У выніку атрымалася: мы падымаем мінімальны заробак, а таксама заробкі лекараў, настаўнікаў, міліцыянтаў…

Я слухаў гэта праз радыёкропку, у працоўным кабінеце. І тут зазваніў тэлефон урадавай сувязі. Тэлефанаваў міністр адукацыі, Васіль Іванавіч Стражаў.

– Добры дзень, Аляксандр Іосіфавіч!

– Добры дзень, Васіль Іванавіч!

– Што ж Вы такі сюрпрыз ад нас схавалі? Што, сапраўды, заробкі павысілі? А на колькі?

– Не, Васіль Іванавіч, гаворка ішла толькі пра мінімалку.

– Не, Аляксандр Іосіфавіч, я вось і заканспектаваў: «а таксама заробкі лекараў, настаўнікаў і міліцыянтаў…»

– Гэта прэзідэнт памыліўся…

– Прэзідэнты ў такіх пытаннях не памыляюцца, Аляксандр Іосіфавіч. Я ўжо і Саснову патэлефанаваў, і Лінг патэлефанаваў… Увогуле, дзякуй за сюрпрыз.

У якую суму абышлася тая імправізацыя скарбу, я не ведаю. Усё гэта потым знівеліравалася ў ходзе рэформаў, так што заробак апусціўся дэ факта яшчэ ніжэй за папярэдні. Але ў той момант міжвольны папулізм кіраўніка дзяржаве каштаваў дорага.

Цяпер лічбы не прыводзяцца. І індэксацыю даходаў агучваюць і каментуюць міністры – не больш. Кіраўніку краіны застаецца палёт фантазіі на ўзроўні праславутай Пізанскай вежы і прыкладна з тым жа нахілам. І чыноўнікі, каб па іх вачох імправізатар не здагадаўся пра сапраўднае стаўленне, разыгрываюць ролю ўзоравых школьнікаў, якія старанна фіксуюць кожнае слова настаўніка. Прычым школьнікаў, якія жывуць да масавага распаўсюду гаджэтаў. Цяпер нават яны нічога не канспектуюць.

А чыноўнікі – канспектуюць!

Уявіце сабе, колькі старонак х..ні ўтрымліваюць нататнікі такога разумнага і дасведчанага апаратчыка, як Міхаіл Мясніковіч? Займальнае з часам будзе чытво, не горш, чым нататнікі Іллі Ільфа. Засталося дачакацца публікацыі.

Аляксандр Фядута, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў