Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя - БНФ заклікае грамадства да абароны Курапатаў


На тэрыторыі Народнага мемарыялу Курапаты ўжо некалькі дзён працуюць працаўнікі Бараўлянскага лясгасу. Яны пакасілі траву каля Крыжовай алеі і каля агароджы, а таксама засыпалі ямы, якія яшчэ з мінулага года былі падрыхтаваны грамадствам для ўстаноўкі новых крыжоў каля Крыжовай алеі, адзначаецца ў паведамленні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ (Партыя БНФ).

Ва ўправе Сойму Партыі БНФ лічаць, што пад выглядам «добраўпарадкавання тэрыторыі» праводзяцца дзеянні з мэтай не дапусціць усталявання новых крыжоў у Курапатах.

«Мы атрымалі звесткі, што 16 траўня тут збіраюцца правесці «ачыстку тэрыторыі ад старых крыжоў» на магілах пакутнікаў. Зразумела, што самыя працаўнікі або кіраўніцтва Бараўлянскага лясгасу не маглі прыняць такое рашэнне. Задача па знішчэнню крыжоў атрымана імі з самых вярхоў рэжыму, а рэжыму загадала пайсці на гэтыя варварскія дзеянні Масква», – адзначаецца ў паведамленні партыі.

Партыя БНФ заклікае грамадства далучыцца да абароны крыжоў і магіл у Курапатах.

«З 15 траўня і ў наступныя дні на тэрыторыі Народнага мемарыялу павінны знаходзіцца людзі, якія будуць сачыць за сітуацыяй і змогуць даць сігнал, што вандальскія дзеянні пачаліся. Пасля такога сігналу неабходна будзе падымаць грамадства на абарону крыжоў. Дзяжурствы добраахвотнікаў павінны быць арганізаваны на працягу ўсяго дня», – падсумоўвацца ў паведамленні абаронцаў Курапатаў.

Карэспандэнт «Белсату» паведамляе, што сапраўды, на тэрыторыі ўрочышча праводзяцца працы. Пры гэтым працаўнікі пакуль акуратна абыходзяць крыжы, косяць траву, выдзіраюць кусты. Вакол лаваў выкладаюць драўляны памост, каб да іх было зручна падысці, не ступаючы на газон.

Фота: Арцём Лява / «Белсат»

Агулам ва ўрочышчы працуе каля 20 асобаў. Паводле нашага карэспандэнта сітуацыя выглядае як сапраўды добраўпарадкаванне. Крыжы на працягу дня ніхто не кранаў. Працаўнікі абкошвалі нават старыя і нахіленыя драўляныя крыжы. Далей ва ўрочышчы працаўнікі спілоўвалі старыя дрэвы і трактарам вывозілі ламачча.

Hавiны
Ува ўрочышчы Курапаты ставяць «лавы Лукашэнкі»
2019.04.26 16:59

СК belsat.eu

Стужка навінаў