Дэмакраты і рэспубліканцы прыйшлі да папярэдняй дамоўленасці ў справе фінансаванні будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай. Калі канчатковае пагадненне пра бюджэт не будзе дасягнутае да канца тыдня ў ЗША пачнецца новы шатдаун.
Кангрэсменам у ЗША ўдалося прыйсці да пагаднення па пытанні забеспячэння бяспекі на мяжы з Мексікай, паведамляе Reuters са спасылкай на сенатара-рэспубліканца Рычарда Шэлбі. Дамоўленасць павінна дапамагчы Вашынгтону пазбегнуць новага прыпынення працы ўрадавы службаў.
Кангрэсмен не канкрэтызаваў пра дамоўленасці, аднак пацвердзіў, што дэмакратам і рэспубліканцам удалося дасягнуць прынцыповага пагаднення па фінансаванні праграмаў памежнай бяспекі да 30 верасня.
Цяпер у ЗША працуе часовае пагадненне, якое дазваляе фінансаваць працу ўрада і ўрадавых службаў. У выпадку, калі канчатковая дамоўленасць не будзе дасягнута, новы шатдаун пачнецца ў суботу, 16 лютага.
Шэлбі не ўдакладніў, ці пагадзіўся прэзідэнт Дональд Трамп з дасягнутымі ўмовамі пагаднення. Разам з тым ён адзначыў, што ўдзельнікі перамоваў паведамлялі пра хаду дыялогу прадстаўнікам Белага дому.
Паводле Fox News, дэмакраты пагадзіліся вылучыць 1,3 мільярда долараў на будаўніцтва памежнай сцяны ў раёне ракі Рыа-Грандэ. Раней Белы дом настойваў на вылучэнні 5,7 мільярдаў. Дэмакраты, у сваю чаргу, дамагліся абмежавання колькасці месцаў для ўтрымання затрыманых мігрантаў, сцвярджае тэлеканал.
Пасля 35-дзённага шатдауна, які пачаўся ў снежні летась, рэспубліканцы і дэмакраты дасягнулі пагаднення пра часовае выдзяленне бюджэтных сродкаў на працу дзяржустановаў. Яго тэрмін завершыцца 15 лютага. Канфлікт з прыняццем бюджэту звязаны з нежаданнем дэмакратычнай партыі фінансаваць будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай, што з’яўляецца адным з галоўных перадвыбарчых абяцанняў Трампа.