Палата прадстаўнікоў ЗША прызнала генацыд армянаў у Асманскай імперыі


Палата прадстаўнікоў ЗША прыняла рэзалюцыю аб прызнанні генацыдам масавых забойстваў армянаў у Асманскай імперыі з 1915 па 1923 год. Гэты крок можа істотна ўскладніць і без таго напружаныя стасункі ЗША і Турэччыны. Пра гэта паведамляе Reuters.

За рэзалюцыю прагаласавала 405 заканадаўцаў, супраць – 11.

Акрамя таго, Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект, які абавязвае Доналда Трампа ўвесці санкцыі супраць Анкары праз турэцкую вайсковую аперацыю супраць курдаў на поўначы Сірыі.

Міністр замежных справаў Турцыі Мэўлют Чавушаглу ўжо асудзіў рашэнні амерыканскага Кангрэсу. Ён назваў рэзалюцыі ганебнымі і заявіў, што лічыць гэта помстай ЗША.

Пакуль невядома, ці падтрымае рашэнні Палаты прадстаўнікоў амерыканскі Сенат – верхняя палата Кангрэсу ЗША.

Падчас масавых забойстваў і дэпартацыі армянскага насельніцтва Асманскай імперыі ў 1915-1923 гадах загінулі каля 1,5 млн чалавек. Гэтыя злачынства прызналі генацыдам Еўрапарламент, Францыя, Нямеччына, Італія, Расея і шэраг іншых краінаў свету. Турцыя афіцыйна адмаўляецца называць пераслед армянаў генацыдам і лічыць, што ахвяраў сярод армянскага насельніцтва было ў шмат разоў менш.

КА belsat.eu

Стужка навінаў