Канец сяброўства паміж Венесуэлай і Беларуссю?


 Не раз чулі ад кіраўніцтва Беларусі пра велізарныя перспектывы супрацы з далёкай Венесуэлаю. Раней ваяжоры ад уладаў Беларусі часта наведвалі Каракас, праўда не заўжды афіцыйна. Што ж мы мелі ад супрацы і ці паўплывае на сяброўства перамога венесуэльскай апазіцыі на выбарах ды магчымая адстаўка прэзідэнта Мадура?

85 супольных праектаў, 13 нафтавых радовішчаў, будоўля жытла, зборка МАЗаў, трактароў ды нават вытворчасць харчоў ад «Санта Брэмару». У часы Уга Чавэса Менск разглядаў Венесуэлу як пляцоўку для выхаду на рынак усёй Лацінскай Амерыкі. Сёлета беларускі экспарт у Венесуэлу прасеў да 20-ці млн долараў, гэта ўсяго 30 адсоткаў ад леташніх лічбаў. Але ў перспектыве сітуацыя можа яшчэ больш пагоршыцца.

«Уласна кажучы ўсе тыя праекты, якія гучалі тры-чатыры гады таму, яны згорнутыя, сітуацыя эканамічная вельмі моцна змянілася і цяпер ні нам, ні Венесуэле не да тых праектаў, якія былі. Пакуль быў рэсурс, кошты на нафту, яны існавалі, але цяпер усе меней і меней будзем чуць пра гэта», – зазначае Яўген Красулін, даследчык гісторыі Лацінскай Амерыкі.

На апошніх парламенцкіх выбарах апазіцыя ў Венесуэле атрымала 109 месцаў з 167-мі. 111 галасоў будзе дастаткова, каб абвесціць імпічмент прэзідэнту Нікалясу Мадура.

Вынікі выбараў – гэта адлюстраванне эканамічнай сітуацыі ў Венесуэле, падкрэслівае Яўген Красулін.

«Калі казаць, што паўплывала на поспех апазіцыі – гэта падзенне ўзроўню жыцця. Беспрацоўе сягае 20 адсоткаў. Пры такіх умовах, безумоўна апазіцыйныя ідэі будуць папулярныя», дадае Яўген Красулін.

У найлепшыя часы беларускія будаўнікі зараблялі ў Венесуэле прыблізна 2 тысячы долараў. Спецслужбы, якія курыравалі адпраўленне нашых працаўнікоў у Лацінскую Амерыку, забаранялі казаць мясцовым, колькі зарабляюць нашыя адмыслоўцы. Улічваючы ўзровень крызісу ў Венесуэле, зразумела, навошта былі гэтыя захады.

«Гледзячы з коштаў на нафту ўсе праекты скончыцца. Нават малако ў адныя рукі даюць не больш за 2 пакета», – распавядае Уладзімір Аднаколаў, былы работнік у Венесуэле.

Улічваючы гэта, нядзіўна, чаму адкрытай інфармацыі пра эканамічную эфектыўнасць бальшыні супольных беларуска-венесуэльскіх праектаў няма. Адмыслоўцы сыходзяцца ў меркаванні, што раней збольшага гэта была спонсарская дапамога афіцыйнаму Менску ад Каракасу.

«Увесь праект фінансавала Венесуэла. Колькі яны грошай адкатамі сабе падзялілі – не зразумела», – тлумачыць Уладзімір Аднаколаў.

Улічваючы, што куратара венесуэльскіх праектаў Віктара Шэймана яшчэ 2 гады таму прызначылі кіраўніком справамі прэзідэнта, справы на лацінаамерыканскім кірунку даўно бесперспектыўныя.

Але цяпер, праз перамогу апазіцыі ў парламенце, неафіцыйна ідзе гаворка, што частка праектаў часоў Уга Чавэса можа быць нацыяналізаваная, і Менск можа страціць нават тое, што ўжо збудаваў.

Аркадзь Несцярэнка, Belsat.eu

Стужка навінаў