Канец блізка. Рэстаратар Вадзім Пракоп'еў зноў звярнуўся да Лукашэнкі


Бізнесовец запісаў жорсткі відэазварот да кіраўніка краіны.

Былы ўладальнік некалькіх менскіх рэстарацыяў Вадзім Пракопʼеў запісаў жорсткі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. У чорна-белым відэа на працягу амаль 8 хвілінаў ён прыгадвае кіраўніку краіны ўсе грахі і папярэджвае — канец блізка.

«Я ведаю, што ў цябе ў галаве. Хочаш паралізаваць нашую волю. Хочаш пасеяць роспач, запалохаць на ўзлёце, раздрабіць. Скрасці выбары, а потым палітзняволенымі пагандлявацца з Пампэа. А потым, каб мы аддаліся меланхоліі. Не, мая лапачка, на гэты раз не пралезе, на гэты раз усё інакш», – так Пракопʼеў пачынае сваю прамову.

Вадзім Пракопʼеў кажа, што раней Лукашэнка сапраўды меў рэальную перавагу. Аднак сёлета ўсё інакш. Рэстаратар кажа, што атачэнне адчувае, што ў рэчаіснасці ён прайграў. Аднак працягваюць падсоўваць фальшывую аналітыку ды залагоджваць кіраўніцтва.

Усе крокі запісаныя

Ён сцвярджае, што нават былыя прыхільнікі Лукашэнкі ўжо ўцямілі, «ачнуліся ад гіпнозу». Усе ведаюць імёны забітых палітыкаў. А былыя «прыкарытнікі» пралічваюць варыянты адступлення.

«Аднак у нас усе крокі запісаныя. Усім зімоўскім прыгадаем. На кім крыві няма – выйсці са строю, вольна, разысціся. Мы ўсё разумеем – слабы чалавек. У яго сямʼя, іпатэка, машына ў крэдыт».

Аднак з тымі, на кім ёсць кроў рэстаратар не плануе быць літасцівым. Усіх правакатараў, людзей з танаваных мікрааўтобусаў, тых, хто даваў ілжывыя паказанні – усіх пад суд. Асаблівым спісам пойдуць асобы, якія фальсіфікавалі выбары. З астатнімі жа Пракопʼеў прапаноўвае доўга і пільна разбірацца.

Hавiны
Рэстаратар Пракоп’еў выклікаў Лукашэнку на бой
2020.07.15 08:46

Смерць або ўцёкі

Для Лукашэнкі жа рэстаратар бачыць значна менш варыянтаў: смерць або ўцёкі.

«А як інакш? Забойства, калі і не замаўляў, то прыкрываў. Над нормамі права здзекаваўся. Грошы рассовываў мітусліва па катарах і дубаях», – кажа Пракопʼеў.

У дзень смерці Лукашэнкі ў краіне скончыцца шампанскае, а незнаёмыя людзі будуць танчыць на вуліцах гарадоў.

«Аднак Гаага ўсё роўна чакае. Так што спі і бойся, мой малыш. Канец блізка».

Напрыканцы роліка пералічваюцца імёны беларускіх палітзняволеных.

  • Вадзім Пракопʼеў – беларускі рэстаратар, былы ўладальнік Prokopiev Catering, Bistro de Luxe, Tapas Bar, Pelican. Сёлета ў траўні ён запісаў востры зварот, у якім заклікаў уладальнікаў рэстарацыяў абʼядноўвацца.
  • Праўда, праз два месяцы прадаў свой бізнес у Беларусі і зʼехаў у Сінгапур.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў