Кандыдатка ад АГП прайшла ў парламент. Ці партыя назаве выбары дэмакратычнымі?


Лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ў інтэрвʼю «Белсату» распавёў пра пазіцыю партыі адносна ацэнкі выбараў у Палату прадстаўнікоў.

«Тое, што Ганна Канапацкая атрымала дэпутацкі мандат, ніякім чынам не ўплывае на нашыя ацэнкі гэтай выбарчай кампаніі. Мы лічым, што гэта – кампанія, а не выбары. Яна не адпавядае стандартам АБСЕ, выбары не сумленныя і не справядлівыя», – падкрэсліў у размове з журналістам «Белсату» палітык.

Паводле Анатоля Лябедзькі, такой жа пазіцыі прытрымліваецца і Ганна Канапацкая, якая, паводле ЦВК, была абраная дэпутаткаю.

«Ёсць факт: улада чамусьці вырашыла прапусціць у Палату Прадстаўнікоў дваіх апазіцыянераў. Падумаем, што з гэтым рабіць», – дадаў Лябедзька.

Кіраўнік АГП падкрэсліў, што Ганна Канапацкая правяла «вельмі моцную кампанію»: «Канапацкая ішла з вельмі жорсткай крытыкай дзейнай сістэмы, не заігрывала з уладаю». АГП аднак не мае надзейных звестак, якая колькасць выбарнікаў аддала галасы за Канапацкую, бо ейных паплечнікаў па партыі не дапусцілі ў выбарчыя камісіі на акрузе.

МЛ, belsat.eu

Фота “Аб’яднаная грамадзянская партыя”

Стужка навінаў