Кандыдат у прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі распавёў, што рабіць з Данбасам і Крымам


Лідар прэзідэнцкай гонкі ва Украіне Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю тэлеканалу ICTV заявіў, што канфлікт з Расеяй на Данбасе можна вырашыць толькі дыпламатычным шляхам.

«Патрэбныя перамовы з Расеяй. Я, вядома, лічу, што яны павінны быць пры сведках – ЗША і прадстаўнікі ЕЗ. Гэта лепшы фармат. Я не ведаю, як гэта спрацуе. Абяцанняў на сябе не магу ўзяць… Але я думаю, магчыма дамовіцца з Расеяй, каб на лінію размежавання ўвесці міратворцаў. Потым міратворцы пераходзяць у гарады і вёскі, а затым у Данецк і Луганск», – заявіў ён.

Разам з тым Зяленскі лічыць важным перамагчы ў інфармацыйнай вайне.

«Людзі, якія жывуць на акупаваных тэрыторыях, павінны вярнуцца ў поле разумення, што яны ўкраінцы. Для гэтага трэба зрабіць магутны рускамоўны канал, які быў бы міжнародным і вяшчаў на тэрыторыю Крыму, Данецку і Луганску, на тэрыторыю Еўропы, ЗША і Ізраіля. Які прагматычна паказваў бы рэальныя навіны і рэальнае жыццё ў Украіне. Мы б сказалі людзям – вас падманулі», – адзначыў кандыдат.

Калі ў інфармацыйнай вайне атрымаецца перамагчы, то «тады людзі самі дапамогуць нам вярнуць гэтую тэрыторыі», упэўнены Зяленскі.

Зяленскі таксама лічыць, што жыхарам Данецку і Луганску трэба плаціць пенсіі. На дадзены момант, нагадаем, каб атрымаць украінскія пенсіі, жыхары тэрыторый, якія падкантрольныя «ДНР» і «ЛНР», павінны выехаць на тэрыторыю, якая кантралюецца кіеўскай уладай.

Што тычацца Крыму, то, па словах Зяленскі, гэты рэгіён вернецца ў склад Украіны толькі пасля змены ўлады ў Расеі.

  • Паводле апошніх сацыялагічных даследаванняў комік Уладзімір Зяленскі ўзначальвае перадвыбарчую гонку ва Украіне. Паводле цэнтру Сацыяльнага маніторынгу і Украінскага інстытуту сацыяльных даследаванняў ім Яроменка, за Зяленскага гатовыя прагаласаваць 29,4% украінцаў, за Юлію Цімашэнка 17,2%, за Пятра Парашэнку – 14,9%.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў