Кандрусевіч: Будслаўскі фэст стаў нацыянальным святам


Рэпартаж з Будславу

Штогадовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай, якія традыцыйна адбываюцца ў першыя два дні ліпеня, сабралі сёлета ў Будславе тысячы вернікаў літаральна з усёй краіны.

«Для нашага народу гэта крыніца сапраўднай свежай вады для душы. А цела жыве толькі тады, калі жывая душа!», – кажа верніца.

Іншы наведнік фэсту адзначае:

«Мне як верніку і гэткае пабачыць – гэта… Як моладзь гаворыць, супер!»

Пры гэтым больш за 2,5 тыс. пілігрымаў з розных куткоў Беларусі прышлі на традыцыйны Будслаўскі фэст пешкі.

А вось як ацэньвае падзею Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

«Гэтае свята нацыянальным святам стала! Гэта не толькі свята Каталіцкага касцёлу: паглядзіце, колькі праваслаўных кіёскаў тут таксама ёсць, і таксама рэлігійную літаратуру прадаюць не толькі каталікі, але і нашыя браты праваслаўныя. Сёння мы таксама спаткаліся з мітрапалітам Паўлам. Свята стала вельмі папулярным, і сапраўды гэтых людзей больш і больш».

Адмысловым госцем урачыстасцяў сёлета стаўся пасланнік Папы Рымскага кардынал Крыстафэр Шэнборн.

«Я ўпэўнены, што маё перабыванне тут у час Будслаўскіх урачыстасцяў будзе маім найпрыгажэйшым перажываннем, якое я буду мець у Беларусі», – дзеліцца ўражаннямі кардынал.

Між тым сёлетні Будслаўскі фэст улады ўсё-ткі азмрочылі, затрымаўшы ў мястэчку паэта Славаміра Адамовіча, які прыехаў адведаць дзедаву магілу. Пасля таго, як ён адмовіўся даць свае рэчы на дагляд асобам у цывільным, яго схапілі міліцыянты і даставілі ў псіхіятрычны шпіталь «Навінкі». Паводле лекара, Адамовіча пратрымаюць там прынамсі да аўторка.

Стужка навінаў