Канцэрту на Дзень Волі не будзе – музыкі адмовіліся


Арганізатары святкавання Дня Волі заявілі, што вымушаныя адмяніць заяўлены раней выступ рок-гуртоў на плошчы Бангалор.

«Планы змяняюцца – канцэрт на Бангалор адмяняецца. На жаль, усе музыкі непасрэдна сёння адмовіліся ад удзелу. Камусьці боязна, хтосьці не паспявае з працы», – паведаміў парталу Tuzin.fm адзін з заяўнікаў акцыі 25 сакавіка Мікіта Семяненка.

Першым на просьбу Tuzin.fm сітуацыю з адменай выступу пракаментаваў гурт «Мутнаевока»: «Мы былі гатовыя выступіць на мерапрыемстве а 19.30, на гэта і дамаўляліся. Але яго перанеслі на дзве гадзіны раней, і ў гэты час гурт выступіць не можа. Перажываем з-за гэтага, але так ёсць», – заявіў прадстаўнік гурта Яўген Змушка.

Гурт «Amaroka» ў каментары для Tuzin.fm заявіў: «Арганізацыя не магла забяспечыць мінімальнага тэхнічнага рэйдэру, не кажучы пра астатнія аспекты, таксама мы не падтрымліваем ніводную з сучасных палітычных партыяў і выступаем супраць палітызацыі знакавага свята для ўсёй Беларусі!».

Яўген Сокалаў з гурта «ZnaROCK»: «Так, мы адмовіліся, яшчэ ў пятніцу. Прычынаў некалькі, у тым ліку і час імпрэзы. Але да арганізатараў прэтэнзіяў ніякіх ня маем, прабачаемся, што не атрымаецца выступіць».

Раней паведамлялася, што канцэрт адбудзецца падчас мітынгу на плошчы Бангалор, на гэтае мерапрыемства быў атрыманы афіцыйны дазвол ад Менгарвыканкаму.

МЯ, belsat.eu, паводле tuzin.fm

Стужка навінаў