Камунізм, кроў і тэкіла. 10 неверагодных фактаў пра кажаноў


Што мы ведаем пра начных суседзяў? Ці трэба іх баяцца і што рабіць, калі сустрэнеш гэтую маленечкую істоту? Разбіраемся разам з заолагам, працаўніком Акадэміі навук Аляксеем Шпаком, які завітаў у Горадню з кажаном у кішэні.

  • 1. З усіх сысуноў, да якіх адносімся і мы, толькі кажаны здолелі падняцца ў паветра. Апроч таго, яны складаюць 25 % ад усёй сусветнай фаўны млекакормячых. У свеце цяпер прыблізна 4,5–5 тысяч відаў сысуноў, з іх каля 1,5 тысячы відаў – гэта кажаны. У Беларусі прыблізна 80 відаў сысуноў, з іх 19 – кажаны.

  • 2. Кажаны не робяць гнёздаў і ўспрымаюць гарадскія дамы як вялікія пячоры ды горныя сховішчы. У Беларусі ў Берасцейскай крэпасці ёсць велізарнае месца зімавання шыракавухіх кажаноў, там іх зімуе некалькі тысячаў.
Заолаг Аляксей Шпак
  • 3. Кажанамі вельмі цікавяцца медыкі, бо ў іхным арганізме можна знайсці вельмі шмат небяспечных вірусаў. Там можа быць і Эбола, і вірус шаленства, і нават ліхаманка Заходняга Нілу. Але няма такога вірусу, ад якога кажаны гінуць. Яны іх не пераносяць, а проста суіснуюць з вірусамі. Любыя сысуны ад шаленства гінуць, кажан – не. Чалавеку кажан можа перадаць толькі шаленства, аднак здараецца гэта вельмі рэдка. За амаль 50 гадоў у Беларусі вядомыя толькі 5 выпадкаў, калі кажан, укусіўшы чалавека, перадаў яму хваробу.
Кажан, які жыве побач з намі ў горадзе
  • 4. Кажаны нараджаюцца ў мацярынскіх калоніях. Усе стасункі паміж саміцамі ды самцамі адбываюцца толькі ўвосень, калі яны сустракаюцца для спарвання. Потым саміцы ўпадаюць у спячку на зімоўлю, маючы ў сабе семя самцоў. Толькі ўвесну пасля абуджэння яны цяжараюць. Кожная саміца нараджае аднаго-двух кажанятак за раз, пры гэтым яны могуць нарадзіцца адначасова ад розных бацькоў.

  • 5. Кажаны – адзіныя сысуны, якія на ўласнае жаданне могуць паніжаць тэмпературу цела. Гэты працэс называецца гіпатэрмія. Калі яны спяць, то паніжаюць сваю тэмпературу цела, каб запаволіць хуткасць метабалізму. Такая здольнасць дае кажанам магчымасць вельмі доўга жыць у параўнанні з іншымі сысунамі, нават да 48 гадоў.

  • 6. Кажаны ніколі не нападаюць на чалавека, бо чалавек для іх не ёсць харчовым аб’ектам. Ёсць кажаны-драпежнікі. Ёсць кажаны, якія харчуюцца рыбаю. А ёсць кажаны-апыляльнікі, якія харчуюцца нектарам. Гэта вельмі дробныя віды, якія жывуць у Паўднёвай Амерыцы ды апыляюць розныя віды кактусаў. Дзякуючы гэтаму мы маем у крамах тэкілу. Значнасць для вытворцаў тэкілы навукова абгрунтаваная і даказаная. У Беларусі жывуць толькі кажаны, якія ядуць інсектаў.

  • 7. Кажаны-вампіры сапраўды існуюць. Усіх кажаноў на нашай планеце прыблізна 1,5 тысячы відаў, з іх толькі ттры віды, якія жывуць у Паўднёвай Амерыцы, – вампіры. Яны не смокчуць кроў, а проста сядаюць на спіну каровы ці свінні, двума зубкамі робяць невялічкі надрэз на скуры, выступаюць літаральна дзве кроплі крыві, і кажан языком іх злізвае. У іхнай сліне, як і ў камароў, ёсць антыкаагулянты – рэчывы, якія не даюць крыві згусацца.
На слайдзе – кажаны-вампіры
  • 8. У калоніях кажаноў-вампіраў пануе камунізм. Розныя жывёліны разляцеліся, потым прыляцелі, хтосьці паеў, а хтосьці не. Але тыя, хто наеўся, дзеляцца з тымі, каму забракавала.

  • 9. У якасці хатніх гадаванцаў кажаны – не найлепшы варыянт. Па-першае, усе кажаны ў Беларусі занесеныя ў Чырвоную кнігу, і трымаць іх удома забараняе закон. Па-другое, не трэба думаць, што кажан будзе сядзець у вас на плячы. Большасць часу ён будзе сядзець у каробцы. І толькі раз на дзень яго трэба будзе гадзіну грэць, пасля чаго карміць дастаткова дарагім кормам – вусякамі і лічынкамі. Потым вы зноў кладзяце яго спаць. У часе зімавання кажана давядзецца трымаць у халодні.
Кажаны – бяскрыўдныя для чалавека, аднак іх нельга браць голымі рукамі
  • 10. Кажаны – карысная для чалавека жывёла, бо харчуюцца шкоднымі вусякамі. У штаце Тэхас фермеры дзякуючы кажанам ашчаджаюць на хімікатах ад шкодных інсектаў каля 500 мільёнаў долараў штогод.

Паўліна Валіш, фота-Васіль Малчанаў, belsat.eu

Стужка навінаў