«Камуністычныя агенты так проста не адыходзяць». У Чэхіі найбуйнейшыя пратэсты за 30 гадоў


Пратэсты ў Празе.
Фота: twitter.com/HanakovaEva

Каля 250 тыс. чалавек выйшлі на вуліцы ў Празе 23 чэрвеня, патрабуючы адстаўкі прэм’ер-міністра Чэхіі Андрэя Бабіша. Пратэсты сталі найбуйнейшымі ў краіне з 1989 года, калі Аксамітная рэвалюцыя прывяла да падзення камуністычнага рэжыму.

Нядзельная акцыя стала кульмінацыяй пратэстаў апошніх тыдняў супраць Бабіша, у дачыненні да якога вядзецца расследаванне праз падазрэнні ў махлярстве і канфлікце інтарэсаў. Сам ён абвінавачванні абвяргае, паведамляе Reuters.

Таксама Бабіш адмовіўся сыходзіць у адстаўку, а яго партыя «ANO 2011» дагэтуль застаецца самай уплывовай у краіне.

Hавiны
На перавыбарах мэра Стамбула зноў перамог апазіцыянер
2019.06.23 21:50

Андрэй Бабіш з’яўляецца адным з найбагацейшых людзей Чэхіі, урад якой ён узначальвае з 2017 года. Яго фінансавы стан ацэньваецца ў $ 3,7 млрд. У красавіку паліцыя заявіла, што ён мог накіраваць субсідыі ад Еўрапейскага саюзу на будаўніцтва гатэлю і канферэнц-цэнтру. Неўзабаве пасля з’яўлення абвінавачванняў прэм’ер змяніў міністра юстыцыі.

«Былых агентаў не бывае»

Ад вясны ўдзельнічае ў акцыях пратэсту супраць Андрэя Бабіша і былы актывіст беларускай Партыі аматараў піва, а сёння сябар Чэшскай пірацкай партыі Андрэй Рамашэўскі. Ён разам з жонкай і дзецьмі браў удзел у пратэстах: як у сваім сваім раённым мястэчку, гэтак і ў абласным цэнтры ды ў Празе.

«Хочам вярнуць тутэйшую палітычную сцэну ў цывілізаваныя межы. Пазбавіць хлусні, маніпуляцыяў і карупцыі, якія ёсць вялікай пагрозай для дэмакратыі. Для нас проста непрымальны былы агент камуністычнае тайнае службы (былых агентаў не бывае) на пасадзе прэм’ер міністра, а таксама прэзідэнт у атачэнні расейскіх і кітайскіх агентаў», – патлумачыў Андрэй Рамашэўскі прычыны свайго ўдзелу ў каментары belsat.eu.

Паводле яго, не менш істотным ёсць і злоўжыванне Бабішам датацыямі ЕЗ ды ягоны непасрэдны ўплыў на Міністэрства юстыцыі. Разам з тым суразмоўца не чакае, што ў выніку пратэстаў «мафіянскі прэм’ер падасць у адстаўку – агенты камуністычнае разведкі маюць добрыя нервы і так проста не адыходзяць».

Hавiны
Канстытуцыйны суд Малдовы адклікаў свае пастановы, якія прывялі да палітычнага крызісу
2019.06.15 16:15

На думку Андрэя Рамашэўскага, галоўным вынікам акцыяў мусіць стаць узмацненне грамадзянскай супольнасці, а «таксама міжнародны рэзананс, вынікам якога можа быць, напрыклад, спыненне датацыяў фірмам алігарха».

Суразмоўца таксама дадаў, што 26 чэрвеня ў парламенце адбудзецца спроба выказаць недавер уладзе.

«Яшчэ трохі спадзяюся, што некаторыя прадстаўнікі сацыял-дэмакратыі, у якіх засталася хаця б кропля сумлення, пад уплывам масавых пратэстаў, падтрымаюць нас у гэтым», – заявіў ён.

Калі гэта адбудзецца, то можа адкрыцца шлях да датэрміновых выбараў, адзначыў Андрэй Рамашэўскі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў