Камуністы ў Расеі запрапанавалі штрафаваць чыноўнікаў за абразу грамадзянаў


Група дэпутатаў Дзярждумы ад КПРФ унесла законапраект, які прадугледжвае ўвядзенне адказнасці для дзяржслужбоўцаў за абразы на адрас асобных грамадзянаў, а таксама сацыяльных і прафесійных груп.

У тлумачальнай запісцы адзначаецца, што абразы чыноўнікаў на адрас грамадзянаў «сталі ў апошні час звыклай для Расеі з’явай, што сведчыць пра класавае непрыманне насельніцтва, якое знаходзіцца за рысай беднасці».

За такія абразы законапраект прапануе штрафаваць чыноўнікаў на суму ад 50 да 100 тысячаў рублёў (ад 771 да 1500 долараў ЗША). Тых, хто распаўсюджвае абразлівыя выказванні ад імя чыноўнікаў, прапануецца караць штрафам ад 100 да 500 тысяч рублёў (ад 1500 да 7700 долараў).

29 сакавіка ў Расеі ўступіў у сілу закон аб штрафах за непавагу да ўлады. Падчас галасавання ў Дзярждуме КПРФ выступіла супраць дакументу.

Дэпутат заканадаўчага сходу Пскоўскай вобласці ад фракцыі «Яблоко» Леў Шлосберг распрацаваў пакет законапраектаў «аб непавазе ўлады да народа». Ён заявіў, што мае намер унесці дакументы ў Дзярждуму праз Пскоўскі заканадаўчы сход.

Чыноўнік пакрыўдзіўся на відэаблогера, міліцыянты распачалі крымінальную справу

СК belsat.eu, паводле meduza.io

Глядзі таксама
Каментары