Камунікацыя NATO з Расеяй стала горшай, чым падчас халоднай вайны


У перыяд халоднай вайны камунікацыя паміж НАТА і Масквой была лепшай, чым цяпер, заявіў галоўнакамандуючы аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Еўропе, амерыканскі генерал Керціс Скапароці ў інтэрвʼю агенцтву Associated Press.

Па словах Скапароці, «падчас халоднай вайны мы разумелі сігналы, якія падавалі адзін аднаму. Мы размаўлялі». «Я не ўпэўнены, што мы разумеем іх гэтак жа добра сёння», – падкрэсліў генерал. За ўвесь час на сваёй пасадзе ён толькі двойчы сустракаўся з начальнікам Генеральнага штаба УС РФ Валерыем Герасімавым, хоць час ад часу размаўляў з ім па тэлефоне.

Калі праціўнікі ведаюць магчымасці і намеры адзін аднаго, верагоднасць таго, што паміж імі здарыцца канфлікт, значна ніжэй, таму «размовы і кантакты зʼяўляюцца вельмі важнай часткай стрымлівання», падкрэсліў Скапароці. На думку галаўкама сіл NATO у Еўропе, неабходна больш мець зносіны з расейскім бокам – «гэта дало б нам магчымасць разумець адзін аднаго і растлумачваць, што і чаму мы робім».

Раней, 5 сакавіка, выступаючы з прамовай падчас пасяджэння Камітэту па справах узброеных сіл Сената ЗША, Скапароці заявіў пра неабходнасць узмацніць баявую моц ЗША, каб эфектыўна супрацьстаяць росту расейскай ваеннай пагрозы ў Еўропе і ва ўсім свеце. Генерал назваў Расею галоўнай пагрозай стабільнасці на еўрапейскім кантыненце. Ён выказаў незадаволенасць сіламі стрымлівання, якія знаходзяцца ў распараджэнні ЗША ў Еўропе на дадзены момант, і заклікаў Вашынгтон павялічыць свой ваенны кантынгент у гэтым рэгіёне.

Hавiны
NATO – Расея: заўтра вайна?
2019.03.27 20:25

СК belsat.eu паводле dw.com

Стужка навінаў