Камуналцы пераразлік, камунальнікам турма


Хваля незадаволенасці беларусаў дасягнула такой вышыні, што не заўважыць праблемы, як гэта часта робяць чыноўнікі ды праўладныя медыі, было папросту не магчыма. Адна з праграмаў на БТ прайшла пад тэмаю «Тарыфны скандал», дзе міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі, як мог, супакойваў грамадзянаў. Маўляў, на месцах бяздарныя чыноўнікі памыліліся. Але па загадзе Лукашэнкі – пакараем каго трэба і зноўку панізім тарыфы.

«Гэта «вапіюшчае» парушэнне! Гэтага быць не павінна. Я магу гэта пракаментаваць тэхнічнаю памылкай. Павінна быць пералічэнне рахункаў. І ўжо ў лютаўскай «жыроўцы» людзі ўбачаць гэтыя пералічэнні», – запэўнівае Аляксандр Церахаў.

Кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Леанід Анфімаў яшчэ больш крытычны ў сваіх заявах.

«Расхлябанасць пачынаючы з Міністэрства ЖКГ», – мяркуе Леанід Анфімаў.

Памылка, галавацяпства і расхлябанасць – гэта лексікон кіраўніцтва краіны, які беларусы за 22 гады вывучылі як азбуку. Таму веры ў тое, што пасля масавага падвышэння тарыфаў улады апусцяць кошты назад – мала.

«Я думаю, што не рэальна. Бо знойдуць сродкі, каб апраўдаць вяртанне да таго што зроблена», – зазначае жанчына.

«Ніхто, нічога не паменшыць. Таму што гэта яшчэ адзін сродак здабычы грошай у бюджэт», – дадае яшчэ адна жыхарка Магілёву.

Апроч уласна пытання «чаму так шмат плаціць?», узнікае і даўняе: «А за што плацім?» Адказ на гэтае пытанне не ведае, падаецца, ніхто.

«Яшчэ раз пералічыце ўсё і прадстаўце мне» – «Таварышч прэзідэнт, тут усё ад балды! – «Так, ад балды! Тады павінен быць спіс, хто балду прыдумаў!», – даводзіць Аляксандр Лукашэнка кіраўніцтву Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Спіс склалі імгненна. Паводле апошніх звестак, распачалі ўжо 17 крымінальных справаў, і ў найбліжэйшыя дні назавуць канкрэтныя прозвішчы тых, хто, паводле найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі, вінаваты ў гэтым балагане.

«Значыць, апраніце кайданкі тым, хто не выканаў даведзеных тарыфаў! Вы мяне зразумелі?», – загадвае Аляксандр Лукашэнка.

Аднак «У імя рэвалюцыі» ды пагражаючы чыноўнікам, Лукашэнка не першы спрабуе звальваць адказнасць за створаную сістэму ЖКГ на іншых. Вось што казаў нязменны кіраўнік ужо ДВА гады таму.

«Старшыня дзяржкантролю ўзначаліць камісію, і страсяне гэта ўсё ЖКГ! Бо вельмі шмат балбатні непрафесійнай і палітыкі!», – плануе Аляксандр Лукашэнка.

І яшчэ праз два месяцы пасля «патрэсвання»….

«Не дай Бог вы прапануеце не той праект указу – галава паляціць з плеч», – крытыкуе кіраўнік Беларусі.

Абяцаў і паляцела. Толькі вось паляцела не далёка: з пасады міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Андрэя Шорца, прызначылі кіраваць… сталічнаю «вертыкаллю».

«Лукашэнка – вядомы папуліст. І ён заўжды спрабуе павярнуць любую крытычную сітуацыю сабе на карысць. Згуляць у добрага цара, якога чарговы раз падманулі несумленныя баяры», – тлумачыць Сяргей Балыкін, эканаміст, адмысловец у ЖКГ.

Паводле Сяргея Балыкіна, аднаго са стваральнікаў першых таварыстваў уласнікаў у Беларусі, – рэальным крокам да зменаў магло б стаць стварэнне камерцыйнага рынку камунальных паслугаў, а, значыць, дэманапалізацыя, на якую ўлада пайсці не гатовая. Таму ўвесь гэты спектакль пад назваю «Тарыфны скандал» скончыцца стандартным:

«Як я ўпэўніўся, што мяне паразіла! Тут нічога не зроблена практычна!», – падсумоўвае Аляксандр Лукашэнка.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў