«Каму замінаў Леанарда да Вінчы?» Копіі сусветных шэдэўраў правіселі ў Менску толькі два дні


«Разам з гэтымі карцінамі пастаянна фатаграфаваліся турысты і менчукі. Нават на момант дэмантажу нас папрасілі спыніцца і даць магчымасць сфатаграфавацца школьнікам», – распавядае куратар экспазіцыі. Фота – Андрэй Каравянскі

Званок ад адміністрацыі прадпрыемства «Менская спадчына» з загадам зняць рэпрынты сусветнага жывапісу з агароджы кавярні «Верхні горад» сёння атрымаў куратар фестывалю MINSK DESIGN WEEK архітэктар і мастацтвазнаўца Андрэй Каравянскі.

«Менская спадчына» – дзяржаўнае прадпрыемства, якое займаецца аднаўленнем і рэканструкцыяй гістарычнае забудову сталіцы.

Паводле Каравянскага, рэпрынты належаць музею эксперыментальных навук «Экспірыментус», які дзейнічае пры галерэі «Менск». Гэтая пляцоўка пагадзілася падзяліцца з імі «па сяброўству», нягледзячы на рызыку пашкоджанняў ад магчымых варвараў або кепскага надвор’я: карціны віселі на двары.

Куратар прызнаецца, што не ведае, як мог камусьці перашкодзіць Леанарда да Вінчы. Фота – Андрэй Каравянскі

«Канцэпцыя сёлетняга фестывалю – 500-годдзе каранацыі Боны Сфорцы. А гэтыя карціны так або інакш звязаныя з Італіяй», – кажа спецыяліст.

Паводле куратара, карціны з дапамогай адмысловага захаду ўводзілі гледачоў у гісторыю сусветнага жывапіску.

«У карцінах быў акуратна прыбраны адзін з элементаў – напрыклад, у «Моны Лізы» была прыбраная сама Мона Ліза, застаўся толькі ландшафт. Там стаяў стул, кожны мог сесці і сфатаграфавацца на яе месцы», – кажа ён.

«Менская спадчына» – адэкватныя людзі. Паводле прадпрыемства, такі загад яны атрымалі ад Аддзелу ідэалогіі Менгарвыканкаму. Але чыноўнікі Менгарвыканкаму – таксама адэкватныя. Не перабольшваю: ува ўсёй гэтай гісторыі фігуруюць толькі нармальныя, еўрапейскія людзі. Мяркую, гэтае распараджэнне не залежыла ад іх. Магчыма, былі прэтэнзіі з боку кавярні. Але карціны толькі гэтую кавярню толькі ўпрыгожвалі», – здзіўляецца Каравянскі.

Паводле Каравянскага, карціны адмыслова павесілі на агароджу кавярні, каб не псаваць фасадаў будынкаў.

«Іх вешалі і здымалі без нашага ўдзелу. У прынцыпе, гэтыя карціны не перашкаджалі – у нас нават не было часу задумацца пра гэта: было мноства працы», – сказаў «Белсату» адміністратар «Верхняга гораду» Вадзім.

«Ніякага палітычнага кантэксту або дэманстрацыі палавых органаў там не было. Я, як куратар, увогуле не бачу ніякіх прычынаў гэта здымаць, – кажа Каравянскі. – Важны момант: гэтыя карціны не былі ўзгодненыя на гэтым месцы, але гэта звязана з тым, што мы раней узгаднялі канкрэтны аб’ект у канкрэтным месцы, але дызайнеры па розных прычынах часам змянялі аб’екты або адмаўляліся ад удзелу – і ўзнікалі дзіркі ў экспазіцыі, якія я потым запаўняў».

Каравянскі дадае, што карціны ўжо вярнуліся ў музей «Экспірыментус», які знаходзіцца ўсяго ў кіламетры ад кавярні «Верхні горад».

Фестываль MINSK DESIGN WEEK ладзіцца ў Менску ўжо ў пяты раз, сёлета ён праходзіць з 1-га да 10-га траўня.

ДД

Стужка навінаў