Каму вакцына, а каму гульні ў час заразы

Увесь свет змагаецца за вакцыну, і толькі Аляксандр Лукашэнка – за чэмпіянат свету па хакеі.

Ізраіль, краіна, падобная да Беларусі колькасцю насельніцтва (каля 9 млн), правёў вакцынацыю ўжо каля 20 % насельніцтва. Улады нядаўна заявілі пра падпісаны кантракт з амерыканска-нямецкай карпарацыяй «Pfizer/BioNTech» на 10 млн дозаў вакцыны. Сёння менавіта Ізраіль стаў абсалютным лідарам у гонцы сусветнай вакцынацыі.

Фота мае ілюстрацыйны характар.

Другое месца займаюць Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе на 100 жыхароў краіны больш за 11 атрымалі вакцыну.

У першую дзясятку прышчэпленых уваходзяць Бахрэйн, Брытанія, ЗША, Данія, Ісландыя, Італія, Славенія, Іспанія.

Паводле звестак парталу OurWorldinData (Оксфардаўскі ўніверсітэт) амаль поруч ідуць Кітай, Расея і Польшча, якія трапілі ў лік дваццаці краінаў свету з найбольш высокім узроўнем вакцынацыі насельніцтва.

Як прышчапляецца Польшча

У панядзелак Міністэрства здароўя Польшчы інфармавала, што на 11 студзеня вакцыну атрымалі больш за 200 тыс. палякаў з гэтак званай групы рызыкі (найперш прышчэпкі робяць медыкам).

У Польшчу прыбыло ўжо больш за 1 млн дозаў вакцынаў «Pfizer/BioNTech», а нядаўна ўлады закупілі і партыю вакцыны іншай амерыканскай карпарацыі, «Moderna», якая таксама атрымала доступ на еўрапейскі рынак.

Працэс вакцынацыі ў Польшчы падзелены на этапы, паўстала адмысловая гарачая лінія, праз якую можна атрымаць усю інфармацыю пра вакцыны, а пасля 15 студзеня кожны зможа запісацца ў чаргу на прышчэпку.

Кожны дзень польскі міністр здароўя праводзіць брыфінг, штодня на ўсіх каналах абнаўляецца статыстыка вакцынацыі, захворванняў і ахвяраў каронавіруса.

Здаровыя і маладыя атрымаюць вакцыну ў апошнюю чаргу. У Варшаве выдатна разумеюць, што нармальнае жыццё ў краіну вернецца толькі тады, калі прышчэпку атрымае каля 70 % насельніцтва. А колькасць вакцынаў абмежаваная, ахвочых дзяржаваў шмат, і барацьба ідзе за кожны дзень.

Менск паставіў на «Спутнік»

Беларускі міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч напрыканцы снежня казаў, што вакцынацыя пачнецца ў студзені, і падчас першага этапу плануецца зрабіць прышчэпкі 200 тыс. грамадзянаў з групы рызыкі.

Менск плануе вакцынацыю 2 млн грамадзянаў (каля 20 %) расейскай вакцынай «Sputnik V».

У лічбах улады расходзяцца, бо праз некалькі дзён Аляксандр Лукашэнка казаў пра планаваную вакцынацыю 1,2 млн чалавек і, што самае цікавае, абяцаў беларусам вакцыны розных вытворцаў. Маўляў, каб вырашыць, «якая больш эфектыўная». Але ніякай канкрэтыкі няма, як няма і графіку вакцынацыі.

Цікава, колькі заявак падала Беларусь на закуп заходняй вакцыны? Колькі атрымала?

Выглядае, што кіраўнік Беларусі абраў спрошчаны шлях, не трэба мучыцца беларускім дыпламатам, не трэба ўціскаць бюджэт.

Вядома, што Сусветная арганізацыя здароўя (САЗ) зацвердзіла толькі вакцыну «Pfizer/BioNTech». Расейская ж не прайшла ўсіх этапаў даследаванняў, і зацвердзяць яе, магчыма, толькі праз паўгода. Ці тлумачаць прапагандысты на дзяржаўных тэлеканалах, што гэта азначае?

А навошта? Трэба ж рыхтавацца да травеньскага чэмпіянату свету па хакеі ў Менску ды ангажаваць усе дыпламатычныя, палітычныя і фінансавыя сродкі, каб гульні не перанеслі ў іншае месца. Ну ніяк пандэмія не ўпісваецца ў гэтыя планы. Урэшце, бацька з Колькам ужо перахварэлі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў