«Каму гэтая інфармацыя што дасць?» Мінаховы здароўя правяло брыфінг па COVID-19


10 красавіка Міністэрства аховы здароўя Беларусі зладзіла чарговы брыфінг, прысвечаны сітуацыі з распаўсюдам каронавіруса ў краіне. Спікерамі выступілі намеснікі міністра аховы здароўя Алена Богдан і Барыс Андрасюк.

14:05 Міністэрства заклікае цэрквы выносіць усе богаслужэнні і адпвяванні на вуліцы, адмяніць цалаванні абразоў і крыжоў. Прыхаджанаў з рэспіраторнымі інфекцыямі заклікаюць заставацца дома, святароў – прытрымлівацца гігіены падчас прычасця. Паводле Алены Богдан, кіраўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў паставіліся да прапановаў ведамства з разуменнем.

13:54 Зараз у Беларусі ўсе тэсты на каронавірус працуюць на падставе ПЦР-дыягностыкі. Зараз прапрацоўваецца магчымасць правядзення тэстаў на падставе імунаглабуліну M и G.

13:48 Алена Богдан адмовілася называць колькасць памерлых медыкаў з пацверджаным каронавірусам.

«Каму гэтая інфармацыя што дасць?» – заявіла яна.

Пры гэтым намесніца міністра прызнала, што заражэнні сярод медыкаў ёсць, перадусім у Менску ды Віцебску. Паводле яе, сталым працаўнікам рэанімацыяў і аддзяленняў пульманалогіі было прапанавана сысці ў адпачынак.

13:42 «Трэба быць гатовым да таго, што колькасць будзе павялічвацца. Чым большым будзе ахоп, то больш будзе станоўчых вынікаў», – адзначыла Алена Богдан.

Пакуль сістэма аховы здароўя спраўляецца з колькасцю заражэнняў.

13:38 Алена Богдан заклікала сталых людзей да мінімуму скараціць выхад у грамадскія месцы, крамы і г.д.

13:35 Сярод цяжарных жанчын са станоўчымі вынікамі тэстаў на каронавірус (такіх у Беларусі зараз налічваецца 5) цяжкіх выпадкаў няма. Меры прафілактыкі для іх такія самыя, як і для астатніх асобаў. Пры гэтым для нованароджаных працягнутае назіранне ўдвая.

13:27 У медычных сетках ёсць на гэты момант 2,5 млн масак, рэспіратараў – 176 тыс., касцюмаў – 110 тыс., пальчаткі – 19 млн.

«Не скажу, што гэта шмат. Хацелася б больш», – сказаў Барыс Андрасюк, але паведаміў пра планы новых вялікіх аб’ёмаў паставак, якія перакрыюць «усю патрэбу».

Расце і вытворчасць антысептыкаў, якіх ужо больш, чым спажываецца. Пакуль праблема толькі ў лагістыцы. Расце вытворчасць масак, камбінезонаў і г.д.

Таксама ідзе пошук вытворцаў апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.

13:23 За ўвесь час было праведзена 49 843 тэстаў на каронавірус, яшчэ 65 880 тэстаў засталося на 10 красавіка.

13:20 Алена Богдан падзякавала беларусам і кампаніям за ахвяраванні на спонсарскі рахунак. Спонсарская дапамога паступіла ад 1310 фізічных асобаў і 210 юрыдычных. З 24 сакавіка на спонсарскі рахунак паступіала Br 3 937 777 і € 78 461.

Гэтыя сродкі пайшлі перадусім на абарончыя экраны, медычныя камбінезоны, наборы рэагентаў, рэспіратары, абсталяванне для больніц у Віцебску, Барысаве, Менску.

13:15 Алена Богдан патлумачыла прычыну ўвядзення абмежаванняў продажу лекаў і медычных сродкаў беспрэцэдэнтным попытам на іх.

«За 1,5 тыдні быў выкуплены 14-месячны запас парацэтамолу», – адзначыла яна.

Пры гэтым, паводле яе, спрошчаныя ўмовы продажу неабходных лекаў у краіне.

Паводле апошніх звестак, у Беларусі выяўлены 1981 выпадак каронавіруснай інфекцыі. 1793 чалавекі знаходзяцца на стацыянарным лячэнні, 169 былі выпісаныя, а 19 памерлі.

У параўнанні з 9 красавіка колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі вырасла на 495, смерцяў – на 3. Дадаткова з больніцаў выпісалі 30 чалавек.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў