Камплект валанцёра на Еўрапейскіх гульнях у Менску каштуе Br 1000. І гэта не жарт!


У Менску з 21 да 30 чэрвеня адбудуцца ІІ Еўрапейскія гульні, якія былі прыдуманыя і ўпершыню праведзеныя ў Азербайджане блізкім сябрам Аляксандра Лукашэнкі – мясцовым кіраўніком Ільхамам Аліевым. Імпрэза будзе каштаваць беларускаму бюджэту $ 35–40 млн. На што пойдуць грошы?

Паўтары мільёны рублёў, каб апрануць валанцёраў

На сайце дзяржзакупак апублікаваныя планы тэндараў Дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў, якія прадугледжваюць пакупку 1500 камплектаў вопраткі для валанцёраў – (750 для мужчын і 750 для жанчын), якія будуць працаваць на турніры. Купіць іх плануецца за 1,5 млн рублёў. Такім чынам, за адзін камплект плануецца заплаціць 1000 рублёў, або 463 долара па сённяшнім курсе. У камплект уваходзяць спартыўныя штаны, футболка, куртка, красоўкі і кепка.

Для параўнання, камплект формы львоўскіх валанцёраў на футбольным Еўра-2012 каштаваў 400 грыўняў, або 50 долараў па курсе на той час. Камплект уключаў у сябе футболку, шорты, кепку, куртку і торбу. Такім чынам, беларускі камплект формы для валанцёра каштуе ў 9 разоў больш за яго ўкраінскі аналаг.

Фота: president.gov.by

У расейскім Сочы падчас зімовай Алімпіяды 2014 года камплект формы валанцёра каштаваў 22 тыс. расейскіх рублёў, ці 625 долараў. Базавыя складнікі ўключалі ў сябе дзесяць пазіцый: уцепленую куртку, талстоўку, пола, штаны, кепку, шапку, пальчаткі, абутак, заплечнік і яшчэ шэраг аксесуараў.

Як жа так атрымалася, што летні беларускі камплект валанцёрскай уніформы ў цэлых дзевяць разоў даражэйшы за яго ўкраінскі аналаг і толькі на траціну таннейшы за зімовы расейскі? І гэта пры тым, што вырабляць форму для валанцёраў будуць не на прадпрыемствах сусветна вядомых брэндаў, а ў межах Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, канцэрна «Беллегпрам» і прадпрыемства «Сола-Пінск».

У крамах валанцёра можна апрануць максімум за 382 рублі

Мы вырашылі паглядзець, колькі каштуе адпаведная складнікам уніформы вопратка на сайце «Сола-Пінск». Спартыўныя штаны тут каштуюць ад 20 да 50 рублёў, цішоткі і фуфайкі – ад 10 да 41 рубля. Мужчынскіх спартыўных куртак у наяўнасці няма, але жаночыя можна набыць за 65 рублёў.

Вытворца абутку для валанцёраў не называецца, але вядома, што рабіць іх будуць у Віцебску. З мясцовых прадпрыемстваў «Белвест» робіць красоўкі коштам ад 60 да 205 рублёў. Максімальныя цэны на красоўкі ад «Марко» яшчэ меншыя.

Што тычацца кепак, дык іх у онлайн-каталогах беларускіх вытворцаў мы не знайшлі, але, напрыклад, у менскім ГУМе кепкі з беларускім дзяржаўным арнаментам каштуюць ад 16 да 21 рубля.

Калі браць тавары з вядомага нам камплекту па максімальным кошце, то максімальны агульны кошт складзе 382 рубля, а мінімальны – 151 руб. То бок гэта ў 2,5-6,5 разы ніжэй за тое, што пазначана ў тэндары Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў. І гэта кошты ў крамах. Вядома, што аптовыя закупы будуць танней.

Магчыма, мы не ведаем усіх складнікаў камплекту валанцёра. Але за што яшчэ можна заплаціць 600-850 рублёў?

Фота: president.gov.by

«Сума выглядае надта вялікай»

У кампаніі LSTR, якая летась выступіла аўтарам альтэрнатыўнай формы для футбольнай зборнай Беларусі, на просьбу пракаментаваць адэкватнасць запланаваных коштаў, адзначылі, што зрабіць гэта цяжка, не ведаючы ні сыравіны, ні фурнітуры, ні фасону. Але ўсё адно «сума выглядае надта вялікай». Тым не менш, у кампаніі мяркуюць, што на Еўрагульні грошы лічыць не будуць і «загрузяць крыху працай дзяржпрадпрыемствы».

Эксперты ў сферы дзяржзакупак адзначылі, што пакуль самога тэндару не адбылося і планы Дырэкцыі ІІ Еўрапейскіх гульняў пакуль яшчэ застаюцца толькі планамі.

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў