Кампанію салідарнасці «Данат невінаваты!» у Вярхоўным судзе назвалі «ціскам на правасуддзе»


Пытанне аб вінаватасці або невінаватасці канкрэтнай асобы ў здзяйсненні злачынства «вырашалася і будзе вырашацца не ў Facebook, яно будзе вырашацца судом у дарадчым пакоі». Пра гэта заявіў першы намеснік старшыні Вярхоўнага суду Валер Калінковіч, каментуючы кампанію салідарнасці з падлеткам Данатам Скакуном.

«Таму ўсе гэтыя кампаніі ў падтрымку ці супраць маюць вельмі адноснае значэнне для правасуддзя і расцэньваюцца намі як спробы прамога ціску на правасуддзе, тым больш такія кампаніі, як правіла, інспіруюць людзі, прама зацікаўленыя ў зыходзе канкрэтных справаў», – адзначыў Калінковіч, піша БелТА.

Нагадаем, 7 красавіка 2017 года 15-гадовага гімназіста Даната Скакуна прызналі вінаватым у нападзе з нажом на настаўніцу расейскай мовы і прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі. Але шмат хто не паверыў у вінаватасць падлетка. Актывісты звяртаюць увагу на тое, што адбіткаў пальцаў Даната на нажы не знайшлі, а само абвінавачанне было пабудована выключна на словах настаўніцы.

Пасля прысуду ў сацыяльных сетках распачалася кампанія салідарнасці – людзі фатаграфаваліся з аркушам паперы, на якім напісана «Данат невінаваты». У Фэйсбуку была створана старонка ў падтрымку Даната, дзе публікуецца інфармацыя па ягонай справе.

ІІ, belsat.eu

 

Стужка навінаў