Кампанія з Ізраілю пабудуе ў Аршанскім раёне свінакомплекс за кошт беларускага крэдыту


ААТ «Віцебскмясамалпрам» заключыла буйную ўгоду з ізраільскай кампаніяй AgriGo Projects на будаўніцтва свінагадоўчага рэпрадуктара паблізу вёскі Гараны Аршанскага раёну. Таксама кампанія будзе аказваць паслугі прафесійнага суправаджэння кіравання комплексам, які ўключае як рэпрадуктар, так і цэх па вытворчасці камбікармоў, пасля здачы яго ў эксплуатацыю.

Інфармацыя пра ўгоду размешчана на Адзіным партале фінансавага рынку, піша reform.by. Сума кантракта складае 41,376 мільёнаў долараў.

AgriGo Projects ўжо рэалізавала некалькі праектаў у галіне жывёлагадоўлі ў нашай краіне. Сярод іх птушкакомплекс на 12 тысячаў тон у год для «Агракамбінат «Дзяржынскі», некалькі свінакомплексаў. Акрамя таго, кампанія працуе ў Расеі і Ізраілі.

Будаўніцтва рэпрадуктара прадугледжана праграмай развіцця Аршанскага раёну, зацверджанай кіраўніком краіны. Згодна з планамі прадугледжваецца павелічэнне вытворчасці свіней у раёне да 20,4 тысячаў тон за год. Таксама рэпрадуктар дапаможа павялічыць загрузку УП «Аршанскі мясакансервавы камбінат».

Грошы на будаўніцтва вылучыў «Белаграпрамбанк». Крэдыт гарантаваны ўрадам. Пры гэтым Саўмін прадстаўляе ААТ «Віцебскмясамалпрам» субсідыю з рэспубліканскага бюджэту на выплату часткі адсоткаў. Яны складаюць палову стаўкі рэфінансавання Нацбанку, але не больш за 4 %. Субсідыі будуць выплачвацца ў беларускіх рублях. Віцебскаму аблвыканкаму рэкамендавана прадставіць аналагічныя субсідыі за кошт сродкаў абласнога бюджэту.

Адміністрацыйны пыласос або беларускі Гон-Конг? Ворша як эксперымент уладаў

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары