Кампанія Apple раскрыла беларускім спецслужбам дадзеныя аднаго акаўнту


Беларускія праваахоўныя органы звярнуліся ў Apple з двума афіцыйнымі запытамі і атрымалі неабходную інфармацыю. Гэта вынікае з «справаздачы аб празрыстасці» кампаніі за другую палову 2017 года.

Беларускі бок накіраваў два дакументы: аб адной прыладзе і аб адным уліковым запісу. Apple цалкам задаволіла запыты, раскрыўшы дадзеныя, не звязаныя з кантэнтам.

Apple ужо не ўпершыню раскрывае інфармацыю па звароце беларускіх праваахоўных органаў. У першай палове 2016 года сілавікі звярталіся ў амерыканскую кампанію і атрымалі неабходную інфармацыю. А ў 2013 годзе на падобную просьбу з Беларусі Apple адказала адмоваю.

У другой палове 2017 года часцей за ўсё інфармацыю у Apple патрабавалі з ЗША – 1790 запытаў ад сілавых органаў і яшчэ больш як 16 тысяч ад ведамстваў, звязаных з нацыянальнай бяспекай. Расейскія ўлады за паўгода накіравалі ў Apple 8 запытаў пра ўліковыя запісы (задаволілі адзін), польскія – 5 (станоўча адказалі на 3).

«У адказ на запыт аб уліковым запісу звычайна падаецца інфармацыя аб уліковым запісу ўладальніка iTunes або iCloud, напрыклад імя і адрас, – тлумачыць кампанія. – У некаторых выпадках нас просяць даць змесціва iCloud, у якім могуць быць захаваныя фатаграфіі, электронная пошта, рэзервовыя копіі прылад iOS, дакументы, кантакты, календары і закладкі. Мы разглядаем гэтыя запыты вельмі старанна і даем кантэнт толькі пры наяўнасці афіцыйнага ордару на ператрус».

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў