Камітэт ВАДА раіць не пускаць Расею на Алімпіяды


Камітэт Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (ВАДА) прапанаваў на 4 гады адхіліць Расею ад міжнародных спаборніцтваў. Прычынай такой рэкамендацыі сталі падазрэнні, што базай Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі маніпулявалі.

Камітэт рэкамендаваў не пускаць Расею на Алімпійскія і Паралімпійскія гульні, любыя чэмпіянаты свету ды іншыя буйныя спаборніцтвы.

Hавiны
Microsoft выявіла атаку расейскіх хакераў на антыдопінгавыя арганізацыі
2019.10.29 09:11

Да буйных спаборніцтваў прапануецца дапускаць толькі «чыстых» расейскіх спартоўцаў, якіх не падазравалі ў прыёме допінгу. Ім дазволяць выступаць пад нейтральным сцягам і без выканання расейскага гімну ў выпадку іх перамогі. Таксама прапануецца забараніць падымаць сцяг Расеі на буйных спаборніцтвах.

Апроч таго, камітэт прапанаваў забараніць Расеі 4 гады праводзіць любыя міжнародныя спаборніцтвы. Раней атрыманыя правы правесці спартыўныя падзеі неабходна адклікаць. Таксама прапанавана забараніць Расеі прэтэндаваць на правядзенне Летняй Алімпіяды ў 2032 годзе.

Hавiны
Лукашэнка: сала – найлепшы беларускі допінг
2018.03.29 13:34

Расейскае антыдопінгавае агенцтва (РУСАДА) будзе павінна аплаціць усе выдаткі ВАДА са студзеня 2019 года і выплаціць самы максімальны з магчымых штраф.

Камітэт ВАДА даў такія рэкамендацыі праз магчымыя махінацыі з допінг-пробамі 2012-2015 гадоў. Выканкам ВАДА разгледзіць рэкамендацыі на пасяджэнні 9 снежня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў