Камітэт супраць катаванняў заступіўся за беларусаў, якія жывуць у амбасадзе Швецыі


Амбасада Швецыі не перадасць уладам Беларусі дваіх віцяблянаў – Віталя і Уладзіслава Кузнечыкаў, якія пераскочылі праз плот на тэрыторыю амбасады, каб уратавацца ад затрымання сілавікамі. Камітэт супраць катаванняў звярнуўся да Швецыі з просьбаю забяспечыць недатыкальнасць беларусаў.

Ліст ад Камітэта супраць катаванняў атрымаў адвакат Вадзім Драздоў ад сакратарыяту Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

«Галоўнае, што фармулёўка камітэту ўтрымлівае забарону на перадачу кліентаў уладам Беларусі. Ніхто і нішто іншае цяпер не пагражаюць іх асабістай недатыкальнасці. Па сутнасці, камітэт пагадзіўся з тым, што ім удалося папярэдне даказаць рызыку прымянення да іх катаванняў і / або іншага жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання. Гэта вельмі важны момант, бо рашэнне аб забеспячальніцкіх захадах не азначае, што камітэт ужо вынес канчатковае рашэнне па іх скарзе. Тэарэтычна камітэт у будучыні можа і адхіліць скаргу», – патлумачыў Вадзім Драздоў парталу tut.by.

Швецыя мае выконваць рашэнні камітэту, але ці даваць Кузнечыкам статус уцекачоў – асабісты выбар краіны, на тэрыторыі якой фактычна хаваюцца Бацька і сын.

Hавiны
Беларускія Джульяны Асанжы. Двое віцяблянаў месяц жывуць у амбасадзе Швецыі
2020.10.09 19:42

У адрозненне ад Камітэту супраць катаванняў Еўрапейскі суд па правах чалавека не прымяніў забеспячальных захадаў у дачыненні Віталя і Уладзіслава. Хоць, на думку абаронцы віцяблянаў, у справе Кузнечыкаў былі выкананыя ўсе фармальныя захады.

Кузнечыкі перабываюць на тэрыторыі амбасады Швецыі ў Менску з 11 верасня. 6 верасня яны ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту ў Віцебску, дзён іх спрабавалі затрымаць з ужываннем слезацечнага газу і дручкоў. Але бацька і сын здолелі ўцячы, з’ехалі ў Менск і папрасілі прытулку ў амбасадзе Швецыі. Мужчынаў не пусцілі на тэрыторыю дыпламатычнага прадстаўніцтва, таму яны пераскочылі праз агароджу і засталіся недасяжнымі для міліцыянтаў, якія ў той дзень атачылі тэрыторыю амбасады і патрабавалі выдачы ўцекачоў.

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў