Камандзіроўка пад сакрэтам. Мазырскіх нафтавікоў патаемна адпраўляюць у эпіцэнтр каронавіруса?


Не зважаючы на тое, што Міністэрства аховы здароўя перастала даваць інфармацыю пра колькасць заражэнняў каронавірусам у канкрэтных рэгіёнах і гарадах, Віцебская вобласць усцяж лідаруе ў ліку інфікаваных. Але гэта не перашкаджае некаторым прадпрыемствам накіроўваць сваіх працаўнікоў у камандзіроўкі ў Віцебскую вобласць. У рэдакцыю belsat.eu звярнуліся працаўнікі мазырскага філіялу прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якіх прымушаюць ехаць у эпіцэнтр COVID-19.

Фёдар (імя змененае) – трубаправодчык лінейна-вытворчай дыспетчарскай станцыі «Мазыр». Мужчыну непакоіць загад кіраўніцтва ехаць у камандзіроўку на Віцебшчыну. Паводле мазырчука, ён з калегамі мусіць падпісаць дакумент пра неразгалашэнне таямніцы.

«Нам сказалі, што трэба падпісаць такую распіску. Не думаю, што хтосьці мае ахвоту ехаць у цяперашняй сітуацыі. Але ў нас як: нешта не падабаецца – за плот. Ува ўсіх крэдыты, сям’я. Калі загадаюць – трэба будзе ехаць. З працаю цяпер цяжка».

Нафтавікоў адпраўляюць у Наваполацк і раён на вахту па 15 дзён. Такі праект разлічаны на паўгода. Пасля камандзіроўкі працаўнік павінен адбыць 15-дзённы хатні каранцін, кажа наш суразмоўца. Фёдар абураны, што можа захварэць або стаць носьбітам віруса і прывезці заразу жонцы ды дзецям.

Hавiны
Каронавірус дабраўся да Верхнядзвінска – гэта ўжо 12-ы раён Віцебскай вобласці з COVID-19
2020.04.15 09:18

Працаўнікам мазырскага філіялу прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба» не кажуць, чым яны будуць дакладна займацца. Паводле мужчыны, гомельскі ды наваполацкі філіялы абʼядналі і хутчэй за ўсё іх адпраўляюць апрасоўваць нафтаправод (праверка ўчастку нафтаправоду ціскам на герметычнасць і трываласць – Заўв. belsat.eu).

«Я нават дакладна не ведаю, што мы будзем там рабіць. Бачна, што кіраўніцтва абыякавае да нас».

22 красавіка ў першую вахту выехалі кіроўца і трубаправодчык. Belsat.eu звязаўся з камандзіраванымі працаўнікамі, але мужчыны неахвотна распавядалі пра паездку. Нам яны не пацвердзілі, што падпісалі дакумент пра неразгалашэнне таямніцы.

«Я не ведаю, чаму нас цяпер скіравалі. Ніхто не пытаў, хочаш ехаць ці не. Загадалі – паехалі. Пра вяртанне дадому яшчэ не думалі. Паўсюль такая самая сітуацыя з вірусам. Калі б я не захацеў ехаць, то не ведаю, што б на працы было».

Hавiны
Ад пнеўманіі памерла 45-гадовая медсястра з Докшыцаў
2020.04.22 18:07

«Белсат» паспрабаваў высветліць сітуацыю ў генеральнага дырэктара прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба» Алега Барысенкі: ягоны тэлефон недасяжны. Памочніца кіраўніка сказала, што пытаннем камандзіровак не займаецца ды інфармацыі не мае. Намеснік генеральнага дырэктара ў сацыяльных пытаннях ды ідэалагічнай працы Андрэй Пятрэнка ад каментароў адмовіўся.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, па стане на 22 красавіка ў Беларусі зарэгістраваны 7281 выпадак каронавіруснай інфекцыі. Ачунялі і выпісаныя 769 пацыентаў, 58 чалавек памерлі.

ДР/ДЗ belsat.eu

Стужка навінаў