Камандзіра сепаратыстаў ДНР Матаролу падарвалі ў ліфце


Улады самаабвешчанай рэспублікі падазраюць у замаху Украіну.

У Данецку забілі аднаго з камандзіраў прарасейскіх сепаратыстаў Арсена Паўлава, больш вядомага пад пазыўным Матарола.

Пра гэта са спасылкай на міністэрства абароны самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі паведамляе «Інтэрфакс».

Паводле агенцтва, Матарола загінуў падчас выбуху ў ліфце, дзе спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаванне. Паводле ананіма ў міністэрстве ДНР, у замаху падазраецца ўкраінская дыверсійна-разведвальная група.

Арсен Паўлаў камандаваў падраздзяленнем у Данецкай народнай рэспубліцы на ўсходзе Украіны. Ён, між іншым, удзельнічаў у баях за Ілавайск і за данецкі аэрапорт.

Публічна прызнаўся, што забіў 15 украінскіх ваеннапалонных.

Сённяшні замах на жыццё Матаролы – не першы. Сёлета ў чэрвені ў Данецку адбыўся выбух каля траўматалагічнага цэнтру, які, паводле кіраўніка ДНР Аляксандра Захарчанкі, меў забіць Паўлава.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў