Камандзір менскага АМАПу заявіў, што гатовы да вясновых акцыяў пратэсту


Камандзір АМАПу ГУУС Менгарвыканкаму Дзмітрый Балаба заявіў, што ягонае падраздзяленне менскага АМАПу гатовае да магчымых вясновых акцыяў пратэсту. Пра гэта ён распавёў у эфіры тэлеканалу СТВ.

Дзмітрый Балаба.
Фота: скрыншот з эфіру тэлеканалу СТВ

Каментуючы пытанне аб магчымых акцыях пратэсту ўвесну, Балаба адказаў:

«Дзейнасць нашага падраздзялення палягае на тым, каб быць у пастаяннай баявой гатовасці, таму мы гатовыя заўсёды. І паверце, адказ заўсёды будзе парытэтным.

Мы, вядома, рыхтуемся да выканання нашых задачаў з улікам зменлівай абстаноўкі ў свеце – што адбываецца ў нас, у суседніх краінах. Так дыктуе час. Час ніколі не стаіць на месцы, і ў нагу з часам крочыць і развіваецца наша падраздзяленне».

Таксама Дзмітрый Балаба сказаў, што звальненне супрацоўнікаў з структуры АМАПу – гэта проста фэйкі, і заявіў, што статыстыка была падлічаная няправільна, а дынаміка камплектавання падраздзялення цяпер нават лепшая, чым у мінулым і пазамінулым гадах.

«У любой грамадзянскай арганізацыі ідзе пастаянны рух, перамяшчэнне. Хтосьці пераводзіцца, хтосьці знаходзіць сабе новае месца, хтосьці сыходзіць на пенсію, на іх месца прыходзяць маладыя», – заявіў камандзір менскага АМАПу.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў