Каманда Ціханоўскага правяла пікет у Гомлі. СТРЫМ «Белсату»


Блогер Сяргей Ціханоўскі правёў чарговы пікет у Гомлі – сабраліся сотні людзей. Наш тэлеканал транслявал падзею ў жывым эфіры.

У чацвер 28 траўня ў Гомлі відэаблогер Сяргей Ціханоўскі правёў перадвыбарчы пікет па зборы подпісаў за вылучэнне сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдыдаткай у прэзідэнты.

Збор подпісаў распачаўся каля гомельскага цырку а 17-й гадзіне і працягнецца да 21.45. Ужо на пачатку чэргі ахвотных расцягнуліся на некалькі сотняў метраў.

Сяргей Ціханоўскі ў Гомлі. Фота – belsat.eu

Паводле ацэнак нашага карэспандэнта, на пікеце па стане на 17.15 было каля 300 чалавек. Тыя, хто пакінуў подпіс, не сыходзяць адразу, а застаюцца абмеркаваць свае праблемы і сітуацыю ў краіне.

На пікеце Сяргея Ціханоўскага ў Гомлі. Фота – belsat.eu
На пікеце Сяргея Ціханоўскага. Фота – belsat.eu

Людзі адзначаюць, што незадаволеныя дзейнай уладай у краіне і патрабуюць яе змены. Некаторыя кажуць, што «выбараў няма», але збіраюцца пайсці галасаваць у дзень выбараў, бо «спадзяюцца на цуд». Іншыя кажуць, што 9 жніўня «проста выйдуць на плошчу».

Мы пацікавіліся, што Ціханоўскі заклікае рабіць 9 жніўня. «Калі кандыдат Лукашэнка будзе ўдзельнічаць, Лідзія Ярмошына будзе лічыць – толькі байкот выбараў. Тыя кандыдаты, хто кліча на выбары – або хлусы або нягоднікі», – сказаў ён.

Блогер таксама адзначыў, што калі ягоную жонку зарэгіструюць кандыдаткай, ягоная каманда хоча скарыстацца магчымасцю правесці агітацыю.

Ціханоўскі дадаў, што ладзіць кампанію па назіранні за выбарамі і неўзабаве прадставіць сайт, дзе будуць падрабязныя інструкцыі для тых, хто пажадае далучыцца.

На пікеце Сяргея Ціханоўскага. Фота – belsat.eu
На пікеце Сяргея Ціханоўскага. Фота – belsat.eu

Па стане на 18.15 у чэргах да пікету было прыкладна 500 чалавек.

Сяргей Ціханоўскі ў Гомлі. Фота – belsat.eu

Адказваючы на пытанне карэспандэнткі «Белсату», Ціханоўскі не выключыў, што, калі ён зможа сабраць 100 тысяч подпісаў, то працягне ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі. Дакладную колькасць сабраных на гэты момант подпісаў ён назваць не змог, але выказаў меркаванні, што іх, імаверна, «толькі тысячаў дзесяць».

Ціханоўскі разлічвае, што, калі зноў адбудуцца фальсіфікацыі на выбарах, беларусы прадэманструюць «доўгі, масавы, мірны пратэсты». Блогер сцвярджае, што многія міліцыянты таксама хочуць пераменаў і страляць па мірных пратэстоўцах не будуць.

«Я думаю, што яшчэ да выбараў можа скласціся такая сітуацыя, што Лукашэнка або самы сыдзе, або яго прагоняць. Мне так здаецца», – заявіў Ціханоўскі.

На пікеце Сяргея Ціханоўскага. Фота – belsat.eu

Ціханоўскі таксама распавёў, што апошнім часам яму атрымалася аб’яднацца з іншымі беларускімі блогерамі – ў тым ліку з Паўлам Спірыным, NEXTA, «Народны рэпарцёр», Маратам Менскім ды інш.

***

Напярэдадні каманда Ціханоўскіх зладзіла сустрэчу ў Магілёве. Падчас пікетаў у розных гарадах краіны людзі стаялі ў чэргах, каб аддаць свой подпіс і падтрымаць Святлану Ціханоўскую.

ВІДЭА
Пікет Ціханоўскіх у Магілёве. Стрым «Белсату»
2020.05.27 13:20

СK/КА belsat.eu

Стужка навінаў