Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» упершыню ў гісторыі перамагла ў міжнародным ралі-рэйдзе


МАЗ Сяргея Вязовіча стаў першым у класе грузавікоў на «Turkmen Desert Race», апярэдзіўшы ўсе экіпажы расейскага «КАМАЗ-майстра» – самай тытулаванай каманды ў свеце, паведамляе прэс-служба maz.by.

Міжнародны марафон «Turkmen Desert Race» праводзіўся ўпершыню, сабраўшы ў пустыні Каракумы каля 70 экіпажаў з розных краінаў свету. Большая частка гонкі прайшла ва ўмовах бездарожжа.

«Перамога ў міжнароднай гонцы – важная падзея для каманды і Менскага аўтазаводу. Мы паказалі, што здольныя выйграваць у лідараў прэстыжных ралі-рэйдаў. Раней мы былі першымі на асобных этапах, уваходзілі ў лік прызёраў, але статус чэмпіёнаў атрымалі ўпершыню. Так што на «Дакар» паедзем у якасці фаварытаў з мэтаю – трапіць на подыум. І ўсе разумеюць, што мы на гэта здольныя», – падкрэсліў кіраўнік каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч.

Асноўная барацьба падчас ралі разгарнуўся паміж МАЗамі і КамАЗамі. «Гэта было захапляльнае спаборніцтва, у якім ні ў кога не было перавагаў. Усе ехалі ў роўных умовах па незнаёмай для ўсіх трасе. Так што гэта была сумленная перамога, – адзначыў Сяргей Вязовіч. – Апошнія ўчасткі былі хуткаснымі, калі трэба было ехаць хутка і не збіцца з курсу. Спрабавалі адыграць час, і нам гэта ўдалося. У апошні дзень ехалі спакойна, не рызыкавалі, а потым аказалася, што яшчэ і этап выйгралі».

Перамога на ралі ў пустыні Каракумы стала для каманды «МАЗ-СПОРТаўта» лепшым вынікам у гісторыі. Да гэтага экіпаж Сяргея Вязовіча ўзяў «срэбра» на марафоне «Дакар».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў