Калядны пост: кароль Панятоўскі ратаваўся бабрамі, а што робіце вы?


Разбіраемся, як правільна посціць каталікам і праваслаўным. І запрашаем па рэцэпты на нашу кулінарную старонку.

Калядны пост у праваслаўных: 28 лістапада – 6 студзеня

Старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай Праваслаўнай Царквы Протаіерэй Сергій Лепін у размове з намі падкрэсліў, што паколькі чалавек складаецца з душы і цела, то і пост мае на ўвазе духоўныя і цялесныя складнікі:

«Першыя – гэта асаблівая малітва, пакаянне, барацьба са спакусамі, выпраўленне свайго жыцця, чытанне Пісання, разважанні і духоўная адукацыя. Пад другім часцей за ўсё маюць на ўвазе харчовыя абмежаванні».

Падчас каляднага посту праваслаўныя вернікі не ядуць мясныя прадукты, малочныя і тыя, у складзе якіх ёсць яйкі. А па серадах і пятніцах адмаўляюцца яшчэ і ад рыбы ды любога алкаголю. Але цялесны пост – гэта яшчэ абмежаванне сябе ў іншых цялесных задавальненнях.

Пост прызначаны для ўсіх: багатых і бедных, хворых і здаровых, дасведчаных і тых, хто толькі нядаўна далучыўся да веры. З гэтага не вынікае, што ўсе павінны посціць аднолькава, але як пра паслабленне посту, гэтак і пра яго ўзмацнення трэба размаўляць са сваім духоўнікам.

Калядны пост у каталікоў: 2 – 24 снежня

Што важна: у нашыя дні акцэнт робіцца на духоўным складніку. І тут каталіцкі касцёл дазваляе вернікам самім вызначаць, у чым абмежаваць сябе падчас падрыхтоўкі да Раства. Агульнымі застаюцца рэкамендацыі не ўдзельнічаць у празмерна гучных забавах і не есці мяса па пятніцах.

«Адвэнт – час радаснага чакання Божага Нараджэння. Гэта некалі быў акцэнт на пакуту, – тлумачыць журналіст і тэолаг, вядоўца праграмы «Вяскоўцы» на «Белсаце» Віктар Шукеловіч. – Духоўная падрыхтоўка не палягае на адмове ад ежы. Бо што з таго, што хтосьці не з’еў мяса, а пасля кагосьці абгаварыў?»

Наш суразмоўца дадае, што епіскапат Літвы прыняў пастанову, паводле якой няма абавязку адмаўляцца ад мяса ў пятніцы. Таму што на тэрыторыі, дзе ядуць пераважна рыбу, гэта цяжка назваць абмежаваннем. «Адвэнт можа выражацца ў нейкіх асабістых пастановах: скажам, больш дапамагаць людзям. Хоць вядома, можна адмовіцца ад алкаголю або салодкага. Гэта асабістая справа кожнага», – гаворыць Віктар Шукеловіч.

Калядны пост у караля: бабры і рыба

А ці ведалі вы, што пры двары апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага (які быў каталіком) падчас посту елі баброў, таму што… лічылі іх рыбай? Так рабіў не толькі ён, вядомы гурман (які меў сваю рэзідэнцыю ў Горадні), але і польская каралева Ядвіга. Бабёр жыве ў вадзе, мае падобны да вясла хвост, пакрыты луской, і падобныя да ластаў лапы. У тыя часы гэтага было дастаткова, каб прылічыць яго да рыбы.

Пра гэта распавядаюць падчас экскурсіі па рэзідэнцыі Станіслава Аўгуста ў варшаўскім парку Лазенкі, дзе цяпер музей. У прынцыпе, трымацца посту Станіславу Аўгусту было не так і цяжка: ён любіў рыбу (асабліва стронгу) ды морапрадукты (асабліва вустрыцы), да таго ж не быў прыхільнікам пераядання.

Інга Астраўцова, belsat.eu

Стужка навінаў